Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падзеі ўва Ўкраіне застаюцца ў цэнтры ўвагі палітыкаў сьвету


КІЕЎ. Кіраўнік апазыцыі Віктар Юшчанка ўчора заклікаў да агульнанацыянальнага страйку на пратэст супраць афіцыйных вынікаў выбараў. Дзейны прэзыдэнт Украіны Леанід Кучма папярэдзіў аб небясьпецы грамадзянскай вайны ды заклікаў міжнародную супольнасьць ня ўмешвацца ўва ўнутраныя справы Ўкраіны. Віктар Януковіч учора выступіў па дзяржаўным тэлебачаньні, як пераможца прэзыдэнцкіх выбараў, ды прапанаваў правядзеньне перамоваў з апазыцыяй. Учора пасьля афіцыйнага абвяшчэньня вынікаў выбараў ціск заходніх дзяржаваў на Ўкраіну ўзмацніўся. Дзяржсакратар ЗША Колін Паўэл заклікаў украінскіх лідараў вырашыць, “ці знаходзяцца яны на баку дэмакратыі”. Паўэл падкрэсьліў, што Злучаныя Штаты ня прызнаюць вынікаў выбараў, таму што выбары не адпавядалі міжнародным стандартам, а таксама таму, што ня было праведзенае расьсьледаваньне шматлікіх паведамленьняў аб парушэньнях і фальшаваньні. Паўэл падкрэсьліў, што калі ўкраінскі ўрад ня зробіць неабходных крокаў, гэта адаб’ецца на двухбаковых дачыненьнях. Віцэ-прэм’ер канадзкага ўраду Эн Макклелан заявіла, што яе ўрад не прызнае вынікі выбараў адпавядаючымі сапраўднай дэмакратычнай волі ўкраінскіх людзей. Старшыня Эўракамісіі Жазэ Мануэль Барозу папярэдзіў аб магчымых наступствах для гандлёвых і палітычных дачыненьняў з Украінай, калі Кіеў не правядзе сур’ёзны ды аб’ектыўны перагляд вынікаў выбараў. У той самы час прэзыдэнт Польшчы Аляксандар Квасьнеўскі дасылае аднаго са сваіх вядучых дарадцаў ува Ўкраіну, былы прэзыдэнт Польшчы Лех Валенса таксама гатовы выляцець туды. Расейскі прэзыдэнт Уладзімер Пуцін ужо павіншаваў прэм’ер-міністра Віктара Януковіча зь перамогай, расейскі парлямант асудзіў украінскую апазыцыю за незаконныя дзеяньні.
XS
SM
MD
LG