Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сусьветная рэакцыя на падзеі ва Ўкраіне


КІЕЎ. ЦВК Украіны пакуль не абвясьціла канчатковыя вынікі выбараў. У цэнтры Кіева і ў іншых гарадох доўжацца мітынгі і акцыі апазыцыі, якая абвясьціла Віктара Юшчанку законна абараным й дзейным прэзыдэнтам Украіны. Ля Адміністрацыі прэзыдэнта устаноўленыя сотні намётаў прыхільнікаў Юшчанкі. Непадалёк ад гэтага лягеру ладзяць намёты і прыхільнікі Віктара Януковіча. Міністар абароны Ўкраіны зьвярнуўся з заклікам да вайскоўцаў “добрасумленна выконваць свае канстытуцыйныя абавязкі”. Сусьветная супольнасьць працягвае камэнтаваць сытуацыю ва Ўкраіне. Канцлер Нямеччыны Герхард Шродэр на прэс-канфэрэнцыі ў Бэрліне выразіў занепакоенасьць тым, што сытуацыя можа набыць характар сілавога канфлікту і заклікаў бакі прыступіць да перамоваў. Прадстаўнік Дзярждэпу ЗША Эдам Эрэлі зладзіў брыфінг, дзе абмяркоўвалася сытуацыя ва Ўкраіне. Эрэлі між іншага заявіў:

(Эрэлі:) – Мы сумняемся ў слушнасьці вынікаў галасаваньня і заклікаем – разам з сусьветнай супольнасьцю – неадкладна правесьці расьледаваньне, каб выявіць праўду ў сувязі са зьвесткамі аб фальшаваньнях.

Нідэрлянды, што старшынююць у Эўразьвязе, выразілі занепакоенасьць сытуацыяй ва Ўкраіне. Кіраўнік Эўракамісіі Жозэ Мануэл Барозу заявіў, што Эўразьвяз выразіць незадавальненьне вынікамі выбараў ва Ўкраіне падчас заўтрашняй сустрэчы з Уладзімерам Пуціным, які павіншаваў Віктара Януковіч з абраньнем. Спадар Барозу між іншага сказаў, што ня верыць у магчымасьць кампрамісу. Лідэр расейскай партыі “Яблык” Грыгоры Яўлінскі заклікаў усе краіны, у тым ліку Расею, прызнаць пераможцам выбараў Віктара Юшчанку. Папа Рымскі Ян Павел ІІ зьвярнуўся да ўкраінскай супольнасьці па-ўкраінску і сказаў, што моліцца за Ўкраіну. І нарэшце, прэзыдэнт Леанід Кучма заклікаў да перамоваў, каб скончыць палітычны крызыс у краіне, аднак не ўдакладніў, дзе і як магчымыя такія перамовы.
XS
SM
MD
LG