Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амэрыканская амбасада падтрымала праект музэя гісторыі Магілёва, прысьвечаны Магдэбурскаму праву


Марыя Ўсьціновіч, Магілёў Амбасада Злучаных Штатаў Амэрыкі ў Беларусі дапамагае стварыць ў музэі гісторыі Магілёва новую кампазыцыю, якая называецца “Магілёў часоў Магдэбурскага права”.

Новая экспазыцыя музэя гісторыі Магілёва будзе прысьвечаная гісторыі гарадзкога самакіраваньня. Праект быў распрацаваны 6 гадоў таму, аднак толькі сёлета ён атрымаў фінансавае забесьпячэньне. У гэтай справе магілёўскім гісторыкам дапамагла амбасада ЗША ў Беларусі, якая выдаткавала на стварэньне новай эскпазыцыі 9,5 тысячы даляраў. Праўда, гэтых сродкаў на ўсё не хопіць, але музэйныя супрацоўнікі спадзяюцца, што ўдзел амэрыканцаў падштурхне магілёўскія ўлады таксама падтрымаць новы праект.

Тэму Магдэбурскага права гісторыкі лічаць вельмі важнай і актуальнай, хаця цяпер яна займае невялікае месца ў экспазыцыі магілёўскіх музэяў. Гаворыць супрацоўніца музэя гісторыі Магілёва Вольга Чарняўская.

(Чарняўская: ) “На пэрыяд існаваньня Магдэбурскага права прыпадае амаль тры стагодзьдзі з гісторыі нашага горада. І таму без гэтага пэрыяду немагчыма зразумець далейшую дынаміку, разьвіцьцё культуры нашага горада, нашага рэгіёна і Беларусі”.

Чым стваральнікі экспазыцыі мяркуюць прыцягнуць увагу магілёўцаў? Магілёўскі мастак Васіль Камароў на адной са сьценаў намалюе панараму Магілёва, якім ён быў у 16-17-м стагоддзях. А гавораць, што за гэтым часам наш горад саступаў у прыгажосьці хіба што Вільні. На экспазыцыі будуць вялікія макеты Магілёўскай ратушы й замка, васковыя фігуры заможных гараджанаў у сярэднявечных строях, а таксама муляжы кніг і граматаў магістрату, зброя, археалягічныя знаходкі з Магілёва – кераміка, мэталь, шкло.

Новую экспазыцыю плянуюць адчыніць у наступным годзе. Вольга Чарняўская ўпэўненая, што праект музэя гісторыі Магілёва будзе цікавы для людзей.

(Чарняўская: ) “Наша тэма дастаткова цікавая. Гэта сярэднявечны Магілёў, 17 стагодзьдзе – залаты век нашага Магілёва, гэта гонар і веліч нашага горада, самы такі добры пэрыяд гісторыі нашага горада”.

На заканчэньне хачу адзначыць, што Магдэбурскае права і гісторыя самакіраваньня вывучаюць ня толькі музэйныя супрацоўнікі й гісторыкі, аднак і палітыкі ды грамадзкія актывісты. Сёлета ў Магілёве была канфэрэнцыя дэмакратычнага накірунку, прысьвечаная 427-й гадавіне атрыманьня Магілёвам Магдэбурскага права, дзе гучалі параўнаньні самакіраваньня за тым часам і цяперашняга кіраваньня – прычым не на карысьць апошняга.

Сацыёлягі таксама высьветлілі, што 68 адсоткаў жыхароў Магілёўскай вобласьці, у ліку якіх найбольш маладых людзей і людзей з вышэйшая адукацыяй, лічаць, што кіраўніка рэгіёну трэба не прызначаць, а абіраць, як гэта было за часамі Магдэбурскага права.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG