Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Ці здольныя беларускія чыноўнікі на палацавы пераварот?”


Падрыхтавала Галіна Абакунчык Агляд незалежнага друку

Беларускія незалежныя выданьні працягваюць абмяркоўваць падзеі ва Ўкраіне. Артыкул на гэтую тэму газэта “Тут і цяпер” называе “Ці пан, ці прапаў”. Акрамя ацэнкі сёньняшняга становішча ва Ўкраіне й пазыцыі Расеі ў пытаньні ўкраінскага прэзыдэнцтва, газэта спрабуе даць адказ на пытаньне: чаму расейскія ўлады падтрымліваюць Лукашэнку, нават калі ягоная палітыка не заўсёды выгадная для Масквы?

“Ці здольныя беларускія чыноўнікі на палацавы пераварот?” – артыкул з такім падзагалоўкам зьмяшчае незалежная рэгіянальная газэта “Тут і цяпер”. Сярод магчымых варыянтаў называецца вылучэньне на будучых прэзыдэнцкіх выбарах кандыдата з асяродку чыноўнікаў, якога падтрымае ўся намэнклятура й Масква. А калі пазыцыі Лукашэнкі сапраўды пахіснуцца, чыноўнікі здадуць цяперашняга кіраўніка, як шклатару, а затым будуць гучна згадваць, якімі яны былі схаванымі антылукашыстамі – піша газэта.

Адказу на пытаньне магчымасьці чыноўніцкага перавароту варта пашукаць яшчэ ў адным артыкуле газэты. Падзагаловак такі:“Катэджы ў Драздах дастаюцца толькі самым адданым чыноўнікам” І далей паведамляецца, што ў Драздах жыве старшыня Нацыянальнага банку Пётр Пракаповіч, генэральны пракурор Віктар Шэйман, старшыня Цэнтрвыбаркаму Лідзія Ярмошына, былая загадчыца справамі, а цяпер падсудная Галіна Жураўкова. Толькі ванна ў такім доме каштуе 10 тысячаў даляраў, а поўны ягоны кошт складае 270 тысячаў даляраў ЗША. Крэдыты на катэджы для высокапастаўленых чыноўнікаў ёсьць беспрацэнтнымі й бестэрміновымі, а камунальныя паслугі скасаваныя напалову.

Газэта “Кур”ер з Барысава” вяртаецца да свайго ж артыкулу “Загадана верыць”, які быў апублікаваны пасьля рэфэрэндуму й парлямэнцкіх выбараў у Беларусі. У ім паведамлялася, што начальнік “вучэбнага цэнтру па падрыхтоўцы прапаршчыкаў і малодшых спэцыялістаў”, палкоўнік Патапенка забараніў курсантам глядзець навіны расейскіх і замежных тэлеканалаў, якія паведамлялі пра акцыі пратэсту ў Менску. Далей газэта распавядае, як палкоўнік спрабаваў прыцягнуць журналістаў да адказнасьці за публікацыю й што з гэтага атрымалася.

У іншым артыкуле пад назваю “Ў Барысаве выкараняюць іншадумства” газэта паведамляе пра перамогу вэтэранаў вайны, якія дамагліся звальненьня супрацоўніка мясцовага краязнаўчага музэя. Супрацоўнік музэя Валеры Раховіч апублікаваў сэрыю матэрыялаў, прысьвечаных барысаўскаму падпольлю. Яны былі падмацаваныя архіўнымі матэрыяламі, але розьніліся з афіцыйнай пазыцыяй уладаў пра вайну. Вэтэраны зьвярнуліся “куды трэба” з патрабаваньнем даць ацэнку пазыцыі навукоўца. Паколькі Валеры Раховіч яе не зьмяніў, то й быў звольнены на загад кіраўніцтва.

Газэта “Бабруйскі кур’ер” паведамляе пра надзвычайнае здарэньне, якое адбылося ў горадзе ў зьвязку зь першымі сьнегападамі. З 75 гарадзкіх маршрутных аўтобусаў, на лінію выйшлі толькі 32. Гэта, фактычна, паралізавала працу многіх прадпрыемстваў гораду. Бо людзі не маглі своечасова дабрацца на працу. Як высьветлілася, прычынай стала ня гэтулькі непагадзь, колькі зношанасьць аўтобуснага парку Бабруйску і яго непадрыхтаванасьць да зімы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG