Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьпіс нежаданых у Эўропе чыноўнікаў павінен уключаць кіраўнікоў, намесьнікаў і сакратароў акружных і ўчастковых камісіяў, лічыць апазыцыя


Міхал Стэльмак, Менск Як мы паведамлялі, днямі Эўразьвяз вырашыў пашырыць візавыя санкцыі супраць беларускіх чыноўнікаў. Нагадаем, паводле абвешчанага рашэньня, будзе ўведзена забарона на ўезд ў краіны Эўразьвязу для тых чыноўнікаў, якія наўпрост адказныя за сфальшаваныя выбары й рэфэрэндум, і для тых, хто адказны за грубыя парушэньні правоў чалавека падчас рэпрэсіяў супраць мірных дэманстрантаў. Як ставяцца да такога рашэньня ў рэгіёнах? Ці ёсьць там дзяржаўныя службоўцы, вінаватыя ў парушэньнях дэмакратычных нормаў і супраць якіх могуць быць ужытыя міжнародныя санкцыі? Меркаваньні на гэты конт рэгіянальных актывістаў дэмакратычных сіл высьвятляў наш карэспандэнт.

У рэгіёнах дэмакраты вітаюць рашэньне Эўразьвязу. Як вынікае зь іх тлумачэньня, папярэднія санкцыі ў дачыненьні да такіх чыноўнікаў як Шэйман, Сівакоў, Навумаў і Паўлічэнка амаль ня мелі ніякай рэакцыі з боку насельніцтва ў рэгіёнах. Перадусім, жыхары райцэнтраў альбо вяскоўцы гэтых дзяржаўных службоўцаў высокага рангу ведаюць мала.

А вось каго яны ведаюць добра, дык гэта мясцовае начальства. Паводле дэмакратычных актывістаў, на рэгіянальным узроўні падчас нядаўніх выбараў і рэфэрэндуму мелі месца шматлікія парушэньні выбарчага заканадаўства, за якія дагэтуль ніхто не панёс адказнасьці. Прычым, як лічыць, напрыклад, былы кандыдат у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў ад Партыі БНФ Аляксей Лапіцкі з Жодзіна, вядомыя і асобы, датычныя да фальшаваньня вынікаў гэтых палітычных кампаніяў:

(Лапіцкі: ) “Гэта тыя асобы, якія ўжо па 5-7 гадоў удзельнічаюць у складзе камісіяў. Гэта, у першую чаргу, кіраўнікі, намесьнікі і сакратары камісіяў–акружных і ўчастковых. Плюс – кіраўніцтва выканкамаў, у першую чаргу. У гэтых кампаніях не абыходзіцца бязь іх удзелу. Яны пакрываюць, яны зьяўляюцца асноўным дахам для фальсыфікацыяў. І стымулююць да фальсыфікацыяў усіх астатніх. Уся гэтая машына трымаецца на гэтых асобах. Ёсьць людзі, што не ўваходзілі ў камісіі, яны былі выведзены па-за штат камісій. Але яны ўсё роўна працавалі й адыгрывалі значныя ролі ў сыстэме фальсыфікацый. Таму гэты сьпіс павінен быць шырэйшым, ён павінен вынікаць з таго досьведу, які ёсьць у дэмакратычных лідэраў і актывістаў у рэгіёнах”.

Як вынікае са словаў спадара Лапіцкага, сьпіс чыноўнікаў, датычных да фальшаваньня вынікаў выбараў й рэфэрэндуму, павінен быць досыць вялікім. У такім выпадку, ці могуць быць эфэктыўнымі міжнародныя санкцыі, калі далёка ня ўсе, як вядома, чыноўнікі бываюць у краінах Эўразьвязу?

Некаторыя актывісты дэмакратычных сіл лічаць, што эфэктыўнасьць санкцыяў Эўразьвязу залежыць не ад даўжыні сьпісу беларускіх чыноўнікаў, якім будзе забаронены ўезд, а найперш вызначаецца родам іх службовых дзеяньняў. Напрыклад, кіраўнік салігорскай філіі Беларускага Хэльсынскага камітэту Леанід Мархотка лічыць, што такія санкцыі ў першую чаргу павінны адчуць на сабе тыя асобы, чыя службовая дзейнасьць зьвязаная з выездам у замежныя камандзіроўкі:

(Мархотка: ) “Мы зараз напісалі скаргу ў пракуратуру і пракуратура вядзе праверку. Бо ў кнізе нарадаў, якія былі на 4-м рудаўпраўленьні, перад галасаваньнем і рэфэрэндумам было напісана, што ўсім брыгадзірам, нават тым, хто знаходзіцца ў адпачынку ці хворы, па кожнай зьмене рабіць справаздачы пра датэрміновае галасаваньне. І што генэральны дырэктар нашага аб’яднаньня “Беларуськалій” праводзіў такую работу. Пасьля гэтага адказу з пракуратуры будуць разасланыя лісты ва ўсе дыпляматычныя місіі Беларусі, каб такія абставіны разглядаць пры выдачы ўяздных віз генэральнаму дырэктару ВА “Беларуськалій”. Ён праводзіць 60-70 дзён у годзе ў краінах Эўропы й Амэрыкі”.

У рашэньні Эўразьвязу гаворыцца і пра візавыя санкцыі ў дачыненьні да чыноўнікаў, вінаватых у рэпрэсіях супраць “мірных дэманстрантаў”. Што наконт санкцыяў у дачыненьні да гэтай катэгорыі дзяржаўных службоўцаў думаюць у рэгіёнах актывісты дэмакратычнага руху?

Шмат у якіх рэгіёнах Беларусі актывісты дэмакратычнага руху сталі ахвярамі перасьледу з боку прадстаўнікоў сілавых структураў. Напрыклад, у тым жа Салігорску сёлета некалькі разоў міліцыянты затрымлівалі мясцовых актывістаў за ўдзел у палітычных акцыях. А ў Гародні, паводле мясцовых дэмакратаў, і наагул дзейнічае добра адладжаны канвэер судовых рэпрэсіяў супраць мясцовых іншадумцаў. Таму, як лічыць, напрыклад, кіраўнік тутэйшай гарадзкой арганізацыі Беларускай асацыяцыі журналістаў Павал Мажэйка, тут міжнародныя візавыя санкцыі маюць асаблівую надзённасьць:

(Мажэйка: ) “Гэта б азначала для іншых судзьдзяў, якія, цалкам магчыма, патрапяць калі-небудзь на такія працэсы й прысуды, што міжнародная супольнасьць сочыць за кожным іх крокам і за кожным незаконным рашэньнем такіх судзьдзяў. Санкцыі да судзьдзяў у нашым рэгіёне былі б нейкім урокам і для судзьдзяў у іншых рэгіёнах і абласьцях. Санкцыі супраць нашых судзьдзяў маглі б на пэўны час спыніць ці запаволіць працэс жорсткага суджэньня апазыцыянэраў, журналістаў”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG