Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У выпадку прызнаньня судом учынкаў, не спалучальных з пэдагагічнай дзейнасьцю, грамадзяне могуць быць пазбаўленыя навуковых званьняў


Падрыхтавала Галіна Абакунчык Агляд незалежнага друку

Прэзыдэнцкія выбары ва Ўкраіне па-ранейшаму застаюцца тэмай нумар адзін у незалежных рэгіянальных і цэнтральных выданьнях. Вось цытата з газэты, якая называецца “Тут і цяпер”: “Незалежна ад таго, хто перамог у суседняй з намі дзяржаве, Украіна ўжо ніколі ня будзе такой, як была. За кім пойдзе афіцыйны Кіеў – за Масквой, за Вашынгтонам? І што будзе азначаць новы ўкраінскі курс для Беларусі?”, ставіць пытаньне газэта. Яшчэ адзін артыкул на гэтую тэму ў газэце называецца “Расея падтрымае пераможцу.”

“Беларуская дзелавая газэта” ў рубрыцы “Зьнешняя палітыка” паведамляе некаторыя падрабязнасьці аб Праекце рэзалюцыі “Становішча ў галіне правоў чалавека ў Беларусі”, разгляд якой быў адхілены Генэральнай асамблеяй ААН. За адхіленьне прагаласавалі 75 краінаў, 65 былі супраць і 51 устрымаліся ці не галасавалі. Заступнікамі Беларусі ў гэтай справе сталіся такія краіны, як Куба, Туркмэністан, Малайзія, Кітай і Расея, адносна якіх таксама падымалася пытаньне аб правах чалавека, – піша газэта, – аднак улады Беларусі стараюцца не заўважаць гэтыя акалічнасьці й выстаўляюць сытуацыю ў выгадным для сябе сьвятле.

Становішча з правамі чалавека ў Беларусі можа характарызаваць і дакумэнт, які быў зацьверджаны на мінулым тыдні. Гэта “Палажэньне аб прысуджэньні навуковых ступеняў і званьняў у Рэспубліцы Беларусь”, піша “БДГ”. У адным з пунктаў гэтага дакумэнту гаворыцца, што ў выпадку “прызнаньня судом учынкаў, не спалучальных з пэдагагічнай дзейнасьцю, грамадзяне могуць быць пазбаўленыя навуковых званьняў”. Былы прэзыдэнт Нацыянальнай акадэміі навук Аляксандр Вайтовіч называе гэта вельмі небясьпечным прэцэдэнтам, бо, паводле яго, гэткім чынам можна пазбавіць чалавека й дыплёма аб адукацыі.

У сёньняшнім нумары “Віцебскага кур”еру” зьмешчаны артыкул “Забыты Будслаў” у якім распавядаецца гісторыя адной з найстарэйшай у Беларусі хрысьціянскай сьвятыні – бэрнардынскага касьцёлу, што ў Мядзельскім раёне. Будслаўскі касьцёл – помнік архітэктуры ўсебеларускага значэньня. Ён адзін з найстарэйшых у Беларусі й слынны абразам Маці Божай, аднак сёньня касьцёл, занядбаны й забыты, мае пільную патрэбу ў рэстаўрацыі. Не зважаючы на распараджэньне кіраўніка краіны разьвіваць у Беларусі міжнародны турызм, у Будслаў рэдка наведваюцца нават адказныя чыноўнікі.

Газэта “Тут і цяпер” таксама зьмяшчае артыкул ““Анастасія Слуцкая” ў апале.” Гаворка вядзецца пра хуткае зьняцьцё з пракату нашумелага кінафільму “Анастасія Слуцкая”, а таксама негалосную забарону на ўдзел у афіцыйных імпрэзах выканаўцы галоўнай ролі кінафільму, актрысы Сьвятланы Зелянкоўскай. Паводле адной з вэрсіяў, прычынай таму мог стацца ўдзел Сьвятланы ў незалежным кінапраекце рэжысэра Андрэя Кудзіненкі “Акупацыя. Містэрыі”, які быў забаронены для паказу на тэрыторыі Беларусі. У артыкуле паведамляецца таксама, што першая асоба краіны неяк пры сустрэчы наўпрост спыталася спадарыню Зелянкоўскую: “Дык ты нацыяналістка?” На што актрыса адказала: “Лічыце як хочаце. Я нармалёвы чалавек”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG