Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Кіеў зь іншых гарадоў едуць прыхільнікі Віктара Юшчанкі


Валер Каліноўскі, Кіеў Абвешчаныя вынікі прэзыдэнцкіх выбараў ва Ўкраіне выклікалі небывалую масавую рэакцыю. Была абвешчаная бестэрміновая акцыя супраціву – яе арганізатары разьлічваюць, што масавасьць будзе расьці й што гэта паўплывае на ўлады. Намётавае мястэчка працягвае стаяць на Плошчы незалежнасьці й Храшчаціку, там цяпер 215 намётаў, і людзі там працягваюць дзяжурыць у звычайным рэжыме. Уначы там знаходзілася 3000 чалавек. Як будуць улады рэагаваць на патрабаваньне плошчаў?

Была інфармацыя, што міліцыя нібыта а 3 гадзіне пачне разгон, але абышлося безь сілавых акцыяў. Арганізатары заклікалі ўчора ўдзельнікаў мітынгу адпачыць, каб сёньня а 10-й з новымі сіламі сабрацца й рушыць да Вярхоўнай рады, дзе будзе разглядацца пытаньне аб прызнаньні легальнымі выбараў і аб недаверы ЦВК. Апазыцыя разьлічвае пашырыць колькасьць удзельнікаў мірнай акцыі пратэсту да мільёнаў і лічыць, што тады ўлады адступяць і прызнаюць сваю паразу на выбарах і фальсыфікацыі, якія адбыліся.

Прызнаны пераможцам Віктар Януковіч задаволены вынікамі й давярае ЦВК, але ён абяцаў, калі трэба дзеля сваёй падтрымкі вывесьці на вуліцы шахцёраў. Людзі з Данбаса, як і з іншых рэгіёнаў на вуліцах Кіева ёсьць, але яны яшчэ засталіся з часоў галасаваньня, калі яны былі так званымі назіральнікамі – іх ня так шмат, і яны мала прыкметныя. Раней прадстаўнікі Януковіча сапраўды абяцалі прывесьці ў Кіеў 40 тысячаў шахцёраў, але іх пакуль няма.

У Кіеў зь іншых гарадоў цяпер едуць не шахцёры, а прыхільнікі Віктара Юшчанкі. Тое, што адбываецца ў Кіеве, яны называюць аранжавай рэвалюцыяй – але не з-за таго, што адбываецца масавы мітынг, што апазыцыі ўдалося адваяваць гэткую “выспачку свабоды”,а перш за ўсё з-за пазыцыі уладаў многіх гарадоў Украіны, якія адмовіліся прызнаваць вынікі сфальшаваных выбараў і падтрымалі В.Юшчанку як прэзыдэнта.

Улады пакуль не выказваюць ацэнкі пазыцыі гэтых асобных гарадоў, бо гэта таксама выказаліся мясцовыя, гарадзкія ўлады, гарадзкія саветы. Дарэчы, акцыя апазыцыі, якая праходзіць у Кіеве, таксама дазволеная ўладамі. Кіеўскі раённы суд дазволіў гэтую акцыю, таму міліцыя не разганяе яе.

Наўрад ці можна чакаць, што праваахоўчыя органы, калі паступіць такі загад, будуць без ваганьняў выконваць патрабаваньне забясьпечыць грамадзкі парадак – то ж бо на плошчу прыходзяць і прадстаўнікі самой міліцыі. Нядаўна выступіў палкоўнік цэнтральнага апарату МУС, які заявіў, што злачынных загадаў ён ня будзе ані выконваць, ані аддаваць. Што да кардонаў міліцыі ў раёне праходжаньня акцыі, то іх проста там няма. Я бачыў толькі адзінкавых міліцыянтаў.

МУС і Пракуратура Ўкраіны, праўда, выступілі з папярэджаньнем да ўдзельнікаў апазыцыі аб адказнасьці за магчымыя непарадкі. З асобнай пазыцыяй выступіла служба бясьпекі Ўкраіны – яна толькі заклікала палітыкаў весьці сваю палітычную дзейнасьць, у тым ліку й пратэстнага пляну, у межах закону.

Калі параўнаць падрыхтоўку гэтай акцыі з падобнымі акцыямі ў Менску, дзе ў дварах зьбіраюцца ўнутраныя войскі, падрыхтаваныя машыны аўтобусы, дык у Кіеве падобнае можна назіраць толькі каля будынку адміністрацыі прэзыдэнта, ЦВК і Вярхоўнай Рады. Міліцыя сканцэнтраваная там дзеля абароны гэтых важных уладных аб’ектаў.Таксама варта адзначыць, што падрыхтоўка перадусім апазыцыянэраў у Кіеве на галаву вышэйшая – проста магчымасьці ў беларускай і украінскай апазыцыі зусім іншыя.

А ці ўваходзіць у прэзыдэнцкую ролю Януковіч? Афіцыйнага абвяшчэньня перамогі яшчэ няма, але той ужо пасьпешліва выступіў па ТБ са зваротам да нацыі ў якасьці абранага прэзыдэнта, падзякаваў выбаршчыкам і зьвярнуўся да прыхільнікаў Юшчанкі з прапановай зьмірыцца зь ягонай перамогай. Ён завяіў, што ў ягоным новым урадзе будуць палітыкі, якія адлюстроўваюць іх перакананьні. Што да віншаваньня, то акрамя Ўл. Пуціна ніхто не выступіў з віншаваньнямі Віктара Януковіча – пакуль гэта як бы сумнеўная перамога, і гэтыя пасьпешлівыя дзеяньні Масквы апазыцыя разглядае як вельмі сьмешныя.

Тым часам Эўразьвяз заклікаў Украіну перагледзець выбарчы працэс і яго вынік. Дзярждэпартамэнт ЗША таксама заклікаў урад Украіны правесьці неадкладнае расьсьледаваньне ўсіх парушэньняў, у іншым выпадку, як заявіў прадстаўнік Дзярждэпартамэнту Адам Эрэлі, пазьбегнуць пагаршэньня адносінаў між дзьвюма краінамі ня ўдасца.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG