Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўразьвяз вырашыў, што ўвядзе візавыя санкцыі супраць беларускіх чыноўнікаў


Юры Сьвірко, Менск Рада ў справах агульных пытаньняў і вонкавых дачыненьняў Эўразьвязу ў панядзелак ухваліла высновы наконт Беларусі, у якіх “зазначыла зь вялікай занепакоенасьцю, што парлямэнцкія выбары й рэфэрэндум 17 кастрычніка 2004 году не былі праведзеныя свабодна й справядліва”. Таму гэтая Рада “ня можа мець упэўненасьць, што тыя вынікі, якія былі абвешчаныя, сапраўды адлюстроўваюць волю народу Беларусі”.

“Рада падкрэсьлівае, што Беларусь як наўпроставы сусед Эўрапейскага Зьвязу мае магчымасьць быць актыўным партнэрам Эўразьвязу ў рамках “Палітыкі эўрапейскага суседзтва”. Таксама высновы заклікаюць Аляксандра Лукашэнку распачаць фундамэнтальныя дэмакратычныя ды эканамічныя рэформы, каб наблізіць краіну бліжэй да эўрапейскіх агульных каштоўнасьцяў.

Рада Эўразьвязу моцна асудзіла напады на мірных дэманстрантаў, некаторых апазыцыйных лідэраў і журналістаў, якія мелі месца пасьля 17 кастрычніка, заклікала ўлады Беларусі спыніць перасьлед палітычных партыяў і незалежных СМІ, няўрадавых арганізацыяў і акадэмічных інстытутаў, у прыватнасьці аднавіць ліцэнзію Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту ў Менску.

Рада зноў заклікае Беларусь правесьці незалежнае расьсьледаваньне справаў зьніклых і прыцягнуць злачынцаў да адказнасьці.

Далей у дакумэнце гаворыцца, што Рада вырашыла зрабіць наступныя дзеяньні:

“Эўразьвяз застаецца адкрытым для дыялёгу зь Беларусьсю наконт паступовага разьвіцьця двухбаковых дачыненьняў, пры ўмове, што ўлады Беларусі прадэманструюць канкрэтнымі дзеяньнямі шчырую ахвотнасьць аднавіць гэты дыялёг,

Эўразьвяз увядзе візавую забарону для тых чыноўнікаў, якія наўпрост адказныя за фальшаваныя выбары й рэфэрэндум, і для тых, хто адказны за грубыя парушэньні правоў чалавека падчас рэпрэсіяў супраць мірных дэманстрантаў”.

“Двухбаковыя міністэрскія кантакты Эўрапейскага Зьвязу ды яго дзяржаваў-сяброў з прэзыдэнтам Лукашэнкам і ягоным ўрадам будуць усталёўвацца выключна праз старшынёўства, высокага прадстаўніка, камісію ды тройку Эўразьвязу. Іншыя кантакты з прэзыдэнтам Лукашэнкам і сябрамі яго ўраду, улучна са шматбаковымі кантактамі, будуць абмежаваныя мінімумам”.

Праграмы дапамогі супольнасьці й дзяржаваў-сяброў будуць падтрымліваць патрэбы насельніцтва й дэмакратызацыі, перадусім праз гуманітарнае, рэгіянальнае й памежнае супрацоўніцтва ды праз праекты, якія наўпрост і ўскосна падтрымліваюць дэмакратызацыю й дэмакратычныя сілы ў Беларусі”.

Гэтыя высновы прапануюць Эўрапейскай камісіі падаць прапановы ў справе дапамогі Беларусі ды арганізаваць адпаведны сэмінар дзеля каардынацыі гэтай дапамогі.

“Адпаведныя органы Рады будуць пільна сачыць за паводзінамі Беларусі што да гандлю зброяй і яе распаўсюджваньня”, – адзначаецца ў прынятым у Брусэлі дакумэнце.

Рада Эўразьвязу таксама заяўляе, што будзе шукаць падтрымкі сваім дзеяньням ад іншых зацікаўленых краін-аднадумцаў, у тым ліку ўнутры АБСЭ, Рады Эўропы ды ААН.

Эўразьвяз будзе падтрымліваць і выкарыстоўваць прысутнасьць АБСЭ ў Беларусі, перадусім яе мясцовы офіс.

Высновы заканчваюцца гэткай заявай: “Рада будзе працягваць пільна сачыць за разьвіцьцём падзеяў у Беларусі й будзе рабіць далейшыя захады, калі трэба”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG