На гэты момант ЦВК падлічана 73,3 адсотка галасоў, за Януковіча прагаласавала 48,9%, за Юшчанку – 47,47%. Януковіч лідзіруе, хаця разрыў нібыта скарачаецца. Старшыня ЦВК Ківалаў абяцае падлічыць усе галасы і даць папярэдні вынік выбараў бліжэй да абеду. А на канчатковае выяўленьне афіцыйных вынікаў адводзіцца законам да 15 дзён, пры тым, што разрыў паміж кандыдатамі невялікі, і нельга выключаць, што гэтыя дні могуць спатрэбіцца.
Паралельны падлік галасоў, які вядуць каманды кандыдатаў, дае фактычна люстраныя вынікі: штаб Юшчанкі заяўляе пра тое, што лідзіруе іх кандыдат з перавагай у больш чым дзесяць адсоткаў, штаб Януковіча – пра перамогу свайго кандыдата з перавагай у 6 адсоткаў галасоў. Як і ЦВК, паралельны падлік кандыдатаў пакуль не ахапіў усе выбарчыя участкі, яны палічылі каля паловы пратаколаў, таму цалкам можа быць, што абодва штабы маюць рацыю, проста адны лепей палічылі галасы з Захаду і цэнтру Украіны, іншыя – з Усходу.
Калі ніхто не набярэ болей за 50 адсоткаў галасоў, то пераможа той, хто атрымае больш галасоў – паводле ўкраінскага закону для перамогі патрэбна адносная большасьць галасоў “за”, у адрозьненьне ад беларускага заканадаўства, якое патрабуе болей за 50 адсоткаў галасоў для перамогі.
Ацэнак кандыдатамі першых вынікаў галасаваньня пакуль няма. Пакуль што толькі Віктар Юшчанка выступіў перад журналістамі й выказаў упэўненасьць у сваёй перамозе, якую аднак могуць забраць шляхам маніпуляцыяў, у якіх ён абвінаваціў ЦВК і тэрытарыяльныя камісіі усходніх абласьцей. Вось што сказаў Віктар Юшчанка.
(Юшчанка: ) “Сцэнарый, тэхналёгіі, якімі карыстаюцца зараз у ЦВК, даюць магчымасьць мне як кандыдату ў прэзыдэнты заявіць: я не давяраю падлікам ЦВК. Дзяржаўны пераварот ва Ўкраіне ўжо пачаўся. Ён пачаўся з Данецка штабам Януковіча. Пытаньне ў часе, якія сувэніры для нацыі падрыхтуе гэтая каманда”.
Паводле Юшчанкі, выглядае дзіўным, што ў Данецкай вобласьці яўка выбарцаў за адну гадзіну з 19 да 20 гадзін вечара вырасла на 18 адсоткаў і склала фантастычныя 96 адсоткаў. Віктар Януковіч пакуль не выступаў – вядома, што ён хвалюецца, і што ўжо пагаварыў па тэлефоне са старшынём ЦВК, які таго заспакоіў. Прадстаўнікі Януковіча абвінавацілі канкурэнтаў у спробах ціску на ЦВК.
Старшыня ЦВК Украіны Сяргей Ківалаў таксама відочна хвалюецца, але трымае ўдар. Вось як ён адказаў на гэтыя абвінавачваньні:
(Ківалаў: ) “На гэтым этапе казаць, што паступілі скаргі, ёсьць нейкія прэтэнзіі, нельга. Няма ніводнай паперы. А эмоцыі хай нашыя палітыкі пакінуць па-за межамі ЦВК. Нас закон вельмі дакладна абараняе, нам дадзены час, каб мы юрыдычна падвялі вынікі галасаваньня другога тура па выбарах прэзыдэнта Ўкраіны. Гэта мы і будзем рабіць”.
Што будуць рабіць бліжэйшым часам украінская апазыцыя і ўлада? Юшчанка заклікаў сваіх прыхільнікаў на акцыю пратэсту а 9 гадзіне на плошчы Незалежнасьці ў Кіеве. Акрамя таго, ён зьбіраецца склікаць пазачарговае паседжаньне Вярхоўнай Рады й напісаць звароты ў міжнародныя арганізацыі, АБСЭ, Эўразьвяз і краіны Захаду наконт парушэньня ўладамі Ўкраіны права народу на выбар.
Што будзе рабіць Януковіч, ён пакуль не казаў. Кіраўнік ягонага штабу Сяргей Цігіпка загадзя заявіў, што ён пагодзіцца з рашэньнем ЦВК.