Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выбары прэзыдэнта Ўкраіны адбываюцца з парушэньнямі


КІЕЎ. На Ўкраіне заканчваецца другі тур прэзыдэнцкіх выбараў. Кіраўнік ЦВК Украіны Сяргей Ківалаў пацьвердзіў, што "галасаваньне ў другім туры суправаджаецца парушэньнямі". На пасаду прэтэндуюць лідэр апазыцыі Віктар Юшчанка і прэм’ер-міністар Віктар Януковіч. Паводле апошніх зьвесткаў ЦВК, прагаласавала 55% выбарцаў. Украінская апазыцыя вінаваціць урад у фальшаваньні выбараў. Прыхільнікі Юшчанкі заяўляюць аб выпадках, калі невядомых людзей прывозяць на ўчасткі на аўтобусах, так што яны могуць шматразова прагаласаваць за кандыдата ад улады Віктара Януковіча. Група студэнтаў, якая падтрымлівае апазыцыю, блякавалі такі аўтобус. Чалавек з аўтобуса сказаў, што яны едуць на пікнік. У в. Маладоцкая Чэркаскай вобласьці невядомыя напалі на выбарчы ўчастак і забілі паліцыянта, а на Валыні выкралі сэйф са спіскамі і бюлетэнямі. Галасаваньне на гэтых участках спыненае. Прадстаўнік выбарчага штабу Юшчанкі Мікола Катрынчук заявіў, што больш за 2,5 тыс. назіральнікам прыкладна на 60 выбарчых участках забаранілі назіраньне.

Спэцыяльны карэспандэнт Беларускай Свабоды ў Кіеве Валер Каліноўскі паведамляе, што бронетэхніка з узброенымі людзьмі і вадамёты акружылі ЦВК Украіны, узмоцненая ахова адміністрацыйных будынкаў, у тым ліку Банку і Адміністрацыі прэзыдэнта.

Леанід Кучма ўчора зьвінаваціў апазыцыю ў спробах справакаваць гвалт.
XS
SM
MD
LG