Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксандар Лукашэнка скасаваў патрабаваньне езьдзіць на аўтамабілях з уключанымі фарамі


Юры Сьвірко, Менск Як паведаміла прэсавая сакратарка Аляксандра Лукашэнкі, ён сваім рашэньнем скасаваў норму правілаў дарожнага руху езьдзіць у сьветлы час сутак з уключанымі фарамі з 1 лістапада да 31 сакавіка.

Паводле прэсавай сакратаркі Натальлі Пяткевіч, гэтая норма выклікала абурэньне й неразуменьне кіроўцаў і пешаходаў, а бясьпекі руху не дадавала.

Аднак яшчэ тры тыдні таму беларуская ДАІ нагадала, што гэтае патрабаваньне было ўведзенае ў правілы дарожнага руху ў 2003 годзе, а “вынікі пяці месяцаў яго дзеяньня (з 1 лістапада 2003 па 31 сакавіка 2004 года) паказалі, што рух з блізкім сьвятлом фараў дае магчымасьць на парадак зьнізіць дарожна-транспартны траўматызм”.

Гэтыя заявы выклікалі абурэньне ў Аляксандра Лукашэнкі, які адразу пасьля падпісаньня рашэньня рэфэрэндуму аб зьмене Канстытуцыі заявіў пра міністра ўнутраных справаў Уладзімера Навумава:

(Лукашэнка: ) “Ён сёньня запаліў фары ў кожнага аўтамабіля — і заўтра мы здымем пытаньне бясьпекі дарожнага руху. Едзеш і назіраеш: сонца гарыць, сьвятло — лепш не прыдумаеш, і машына едзе з уключанымі фарамі. І мучаюць грамадзянаў, якія сёньня за рулём аўтамабіляў. Вы паглядзіце, каго вы пасадзілі за аўтамабіль і панюхайце іх добра. І хто вам наагул даў права мяняць правілы дарожнага руху?”

Але дзяржаўная аўтаінспэкцыя раней паведамляла, што на першы час за парушэньне гэтай нормы кіроўцаў будуць толькі папярэджваць, а пазьней мажлівае ўвядзеньне штрафу памерам да дзьвюх базавых велічыняў (цяпер гэтая велічыня складае 19 тысяч рублёў).

Цяпер Аляксандар Лукашэнка даручыў перагледзець правілы дарожнага руху з улікам думкі адмыслоўцаў, кіроўцаў і аўтааматараў і ўзмацніць адказнасьць за тыя парушэньні, якія ствараюць небясьпеку для жыцьця. Найперш маюцца на ўвазе кіраваньне аўтамабілем у нецьвярозым стане й карыстаньня мабільнымі тэлефонамі падчас руху. Чакаецца, што новыя правілы будуць зацьверджаныя Лукашэнкавым указам у першым квартале наступнага году.

Прэсавая сакратарка Натальля Пяткевіч заявіла, што з гэтых правілаў мусяць быць выключаныя ўсе абсурдныя пункты.

Паводле беларускай статыстыкі, колькасьць тых, хто загінуў у аўтааварыях у 2003 годзе, скарацілася ў параўнаньні з папярэднім годам на чвэрць. Паводле ўсясьветных дасьледаваньняў, запаленыя ў сьветлы час сутак фары зьмяншаюць рызыку трапіць у аварыю на 15%.

У Літве такія нормы пачалі дзейнічаць яшчэ з 1 верасьня 2002 году — гэтага патрабавалі дырэктывы Эўрапейскага Зьвязу. Там нормы вызначаюць, што зімовы сэзон пачынаецца не 1 лістапада, а 1 верасьня. Круглы год са сьвятлом мусяць езьдзіць матацыклісты, а таксама тыя кіроўцы, якія перавозяць групы дзяцей.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG