Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Vox Populi: Што думаюць жыхары Хойнікаў пра забарону аздараўленьня дзяцей за мяжою?


Казімер Яноўскі, Хойнікі Аляксандар Лукашэнка падчас прамовы ў парлямэнце нэгатыўна выказаўся наконт паездак беларускіх дзяцей на аздараўленьне за мяжу. Што думаюць пра гэта бацькі й дзеці, якія жывуць у заражаных радыяцыяй Хойніках?

Кожны год блізу 400 хойніцкіх школьнікаў адпачываюць менавіта за мяжою. Бацькі не разумеюць, чаму трэба забараняць паездкі ў замежжа? Гаворыць Алена Служэнка:

(Служэнка: ) “Навошта забараняць? Дзеці лепей адпачываюць, болей атрымліваюць вітамінаў, чым у нас, дома. Чыстыя харчы, не такія, як у Хойніках”.

Яшчэ болей адмоўна ўспрымаюць забарону самі школьнікі. Вось два меркаваньні на гэты конт вучняў Хойніцкай сярэдняй школы №2:

(Школьніца: ) “Мяне завуць Маша, я з 11-й клясы. Я ня згодная з тым, што Аляксандар Лукашэнка забараняе нам езьдзіць за мяжу адпачываць. Мы жывем у забруджанай зоне, хочацца адпачыць ад радыяцыі. Я была ў Італіі, у горадку Понта-Корна. Там надзвычай прыгожа, вельмі добрыя ўражаньні засталіся ад гэтай паездкі”.

(Школьнік: ) “Мяне завуць Савін Мікіта. Я думаю, няправільна гэта — забараняць. Мы жывем у радыяцыйнай зоне, нам трэба лячыцца. Мы езьдзім у Італію, Нямеччыну, Англію, Ірляндыю”.

Пэдагогі згаданай сярэдняй школы №2 пагадзіліся выказаць сваё стаўленьне да забароны Лукашэнкі толькі на ўмовах ананімнасьці.

(Настаўніца: ) “Трэба, каб дзеці аздараўляліся за мяжою. Напрыклад, у мяне старэйшы сын езьдзіў за мяжу ў гэтым годзе. Прыехаў больш дарослым, вясёлы такі, прывез шмат уражаньняў. Меншы хлопчык вельмі хварэе, у яго бранхіяльная астма. Хацелася б, каб і ён зьезьдзіў хаця бы ў Італію, паглядзеў, як людзі жывуць, падмацаваў здароўе”.

(Настаўніца: ) “Я разумею, што і ў Беларусі можна аздараўляцца. Але ж мора ў нас няма. Ня кожны можа купіць садавіну, той жа ананас. Я думаю, што ня трэба забараняць. Крамолы ў гэтым я ня бачу”.

Гэткія меркаваньні пэдагогаў хойніцкай сярэдняй школы №2. Гутарылі мы ўжо пасьля заняткаў, і тут у клясу проста ўбегла жанчына, заявіла, што яна — сацыяльны пэдагог і забараніла калегам даваць інтэрвію.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG