Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амэрыканскія мэдыкі даказалі 100-працэнтную эфэктыўнасьць новай вакцыны супраць раку шыйкі маткі


Сяргей Абламейка, Прага Амэрыканскія мэдыкі даказалі 100-працэнтную эфэктыўнасьць вынайдзенай некалькі гадоў таму вакцыны супраць раку шыйкі маткі. Новая перадача сэрыі “Навіны сучаснай мэдыцыны”.

1 лістапада амэрыканскія мэдыкі на паседжаньні Нацыянальнага таварыства мікрабіялёгіі заявілі, што вакцына супраць раку шыйкі маткі, папярэдняя эфэктыўнасьць якой была даказана два гады таму, працягвае эфэктыўна абараняць жанчын ад хваробы. Вакцына накіраваная супраць вірусу папілёмы чалавека, які перадаецца полавым шляхам, і пакуль яшчэ не даступная для шырокага выкарыстаньня. Сэнсацыйную навіну прынесла сваім чытачам амэрыканская газэта “Chicago Tribune”.

Вакцыну вынайшлі навукоўцы сусьветна вядомай лябараторыі Мэрка, і іх кампанія зьбіраецца зарэгістраваць вакцыну ў наступным годзе. Аб гэтым паведаміў дырэктар дасьледчага аддзяленьня Мэрка доктар Эліяў Бар.

Кожны год ва ўсім сьвеце рэгіструецца 470 тысяч новых выпадкаў раку шыйкі маткі, 225 тысяч жанчын паміраюць ад гэтай цяжкай хваробы. Большасьць сьмяротных выпадкаў прыпадае на бедныя краіны, дзе жанчынам ня робяць рэгулярных мазкоў. А менавіта такія абсьледаваньні здольныя выявіць пухліну або перадракавыя ўтварэньні на раньнім этапе.

У такой разьвітай краіне, як Злучаныя Штаты Амэрыкі, кожных год выяўляюць 11 тысяч новых выпадкаў і 4 тысячы жанчынаў памірае. Доктар Эліяў Бар сказаў, што калі вакцына будзе дазволеная да выкарыстаньня, лябараторыя Мэрка будзе рэкамэндаваць рабіць прышчэпкі у 9-10 гадоў, бо сэксуальнае жыцьцё падлеткаў у ЗША пачынаецца прыблізна ў 15 гадоў, а калі рак ужо разьвіўся, выкарыстоўваць вакцыну ўжо ня мае сэнсу.

Лекары заяўляюць, што прышчапляць трэба ня толькі дзяўчынак, але і хлопчыкаў. Мужчынам вірус папілёмы чалавека звычайна ня шкодзіць, але яны, будучы яго носьбітамі, заражаюць жанчынаў. Менавіта таму імунізацыя мужчын абараняе і жанчын. Апрача таго цяпер ужо даказана, што гэты ж вірус выклікае рак задняга праходу ў гомасэксуалістаў.

Новая вакцына праходзіла ў лябараторыі Мэрка выпрабаваньне на працягу апошніх чатырох гадоў. Як паведаміў доктар Бар, удзел у выпрабаваньні бралі 1505 жанчын ва ўзросьце ад 16 да 23 гадоў. Плове жанчынаў тры разы зь інтэрвалам 6 месяцаў прышчапілі вакцыну. Іншая частка атрымвала імітацыю вакцыны – так званае пляцэба (placebo). Кожныя паўгода жанчынам бралі мазкі. Праз 4 гады аказалася, што вакцына на 100 працэнтаў эфэктыўная, бо ніводная з 755 прышчэпленых жанчынаў не захварэла. А ў кантрольнай групе, што атрымлівала пляцэба, перадракавыя ўтварэньні на шыйцы маткі ўзьніклі ў 11 кабетаў.

Адзін з удзельнікаў экспэрымэнту, доктар Дуглас Лоўі з Нацыянальнага інстытуту рака, паведаміў, што ў некаторых з прышчэпленых жанчынаў аналізы выявілі аслабленьне абарончае функцыі вакцыны. Але, ня гледзячы на гэта, вакцына 100-працэнтна абараняла і іх. Тым ня менш, доктар Лоўі прыпусьціў, што невялікай частцы з прышчэпленых жанчын у будучым можа спатрэбіцца паўторная вакцынацыя.

Новая вакцына Мэрка абараняе чалавека ад вірусу папілёмы чалавека, які выклікае амаль усе выпадкі захворваньня на рак шыйкі маткі. Гэты вірус перадаецца полавым шляхам, надзвычай шырока распаўсюджаны і заражэньня ім амаль немагчыма пазьбегнуць. Палова дарослага насельніцтва ЗША заражаная гэтым вірусам. Агулам існуе каля 30 тыпаў гэтага віруса і ўсе яны ў заражанага чалавека канцэнтруюцца і жывуць у раёне полавых органаў. Вядома, што толькі некаторыя з гэтых 30 тыпаў выклікаюць рак. 50 працэнтаў раку шыйкі маткі выклікае вірус папілёмы чалавека 16, астатнія выпадкі – яшчэ тры іншыя тыпы.

Вакцына, выпрабаваньне якой скончылася ў ЗША, працуе толькі супраць вірусу 16. Лябараторыя Мэрка зьбіраецца падаць на рэгістрацыю ўжо распрацаванй іншай формы новай вакцыны, якая будзе эфэктыўная супраць віруса 16, віруса 18 і яшчэ двух тыпаў віруса, што выклікаюць бародаўкі на пэнісах у мужчын – так званыя востраканечныя кандылёмы. Гэтая вакцына ад 2001 году прайшла выпрабаваньне на 25 тысячах мужчын і жанчын у 34 краінах сьвету.

***

А зараз на чарзе парады амэрыканскай мэдычнай арганізацыі RealAge.

1. Калі вы шукаеце рэцэпт доўгага жыцьця, дадайце троху бабоў у свой штодзённы рацыён. Апошнія дасьледаваньні паказваюць, што харчовыя бабы зьвязаныя з доўгажыхарствам болей, чым любая іншая ежа. Навукоўцы лічаць, што справа ў фаліяце, валакне і мінэралах, якія ўтрымваюцца ў бабах. Спажывайце гарох, сачавіцу або чорную фасолю некалькі разоў на тыдзень, і разам зь імі вы дадасьцё да свайго жыцьця некалькі гадоў. А RealAge нагадвае, што разнастайная дыета, нізкая ў калёрыях і багатая на карысныя рэчывы, можа зрабіць ваш рэальны біялягічны на 4 гады маладзейшым.

2. Калі вы знойдзеце ў сабе сілы і магчымасьць перапыняць працу для кароткіх разьмінак – вы зробіце вялікі падарунак свайму здароўю. Кароткія і частыя міні-разьмінкі ў працягу дня могуць панізіць узровень шкодных трыглецырыдаў у крыві гэтак сама, як і штодзённыя доўгія заняткі фітнэсам. Да такой высновы прыйшлі аўтары нядаўняга дасьледаваньня. Фізычныя практыкаваньні зьмяншаюць узровень шкодных рэчываў у крыві, які падвышаецца пасьля тлустай ежы. Паспрабуйце рабіць тры 10-хвілінныя прагулкі ў працягу дня, калі вы ня маеце часу на больш доўгія заняткі гімнастыкай. RealAge зьвяртае ўвагу на тое, што рэгулярныя спартовыя заняткі могуць зрабціь ваш рэальны біялягічны ўзрост на 9 гадоў маладзейшым.

3. Калі вы дбаеце пра сваё здароўе, сачыце за ўзроўнем у крыві так званага добрага халестэрыну або HDL – гэтая абрэвіятура ўтворана ад ангельскіх словаў high-density lipoprotein. Мэдыкі ўжо дакладна ведаюць пра сувязь паміж нізкім узроўнем добрага халестэрыну ў крыві і рызыкай хваробаў сэрца. А адно з апошніх дасьледаваньняў ў дадатак знайшло і карэляцыю паміж нізкім узроўнем добрага халестэрыну і ракам грудзей у жанчын. Так што старайцеся трымаць узровень добрага халестэрыну высокім, рэгулярна займайцеся спортам і трымайце здаровую дыету. А RealAge нагадвае, што рэгулярны клопат аб сваім здароўі можа зрабіць ваш рэальны біялягічны ўзрост на 12 гадоў маладзейшым.
XS
SM
MD
LG