Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новая вакцына супраць тубэркулёзу ў 30 разоў больш эфэктыўная за старую


Сяргей Абламейка, Прага Новая перадача сэрыі “Навіны сучаснай мэдыцыны”.

Брытанскія мэдыкі вынайшлі новую моцную вакцыну супраць сухотаў. Гэта першая антысухотная вакцына за апошнія 80 гадоў і чакаецца, што яна будзе ў 30 разоў больш эфэктыўная за тую, што выкарыстоўваецца цяпер. Новая вакцына, аднак, усё яшчэ праходзіць стадыю экспэрымэнтаў і ня можа быць выкарыстана ў бліжэйшыя некалькі гадоў.

Цяперашнія часы многія лекары называюць часам вяртаньня сухотаў. Справа ў тым, што цяперашняя вакцына, прышчэпку якой атрымвае кожны жыхар у разьвіцьцёвых краінах пры нараджэньні, не заўсёды прадухіляе хваробу. Кожны год у сьвеце на сухоты памірае прыблізна 2 мільёны чалавек. Большасьць ахвяраў прыпадае на бедныя краіны Афрыкі і Азіі.

Новая вакцына распрацаваная калектывам мэдыкаў Оксфардзкага ўнівэрсытэту ў Вялікай Брытаніі. Доктарка Гелен Мак Шэн, член калектыву вынаходцаў, заявіла, што старая вакцына абараняе найперш ад сухотнага мінэнгіту ў дзяцей, але амаль не прадухіляе захворваньне лёгкіх, як у дзяцей, так і ў дарослых. Новая вакцына, паводле доктаркі Мак Шэн, рэзка падвысіць абодва паказьнікі.

Дасюль у Оксфардзе было праведзена толькі невялікае выпрабаваньне на 42 здаровых добраахвотніках. У выніку аказалася, што новая вакцына ў спалучэньні са старой здольная ў 30 разоў падвысіць імунітэт чалавека да сухотнага прутка.

Разам з тым многія ўплывовыя навукоўцы зьвяртаюць увагу, што новая вакцына знаходзіцца толькі на пачатку доўгага экспэрымэнтальнага шляху, і спатрэбіцца яшчэ шмат гадоў, перш чым яе пачнуць шырока выкарыстоўваць. Аб гэтым, у прыватнасьці, заявіў кіраўнік адной з брытанскіх дабрачынных антысухотных арганізацый Пол Сомэрфэльд.

Пасьля пасьпяховага выпрабаваньня ў Вялікай Брытаніі новую вакцыну чакае больш шырокае выпрабаваньне ў, так бы мовіць, палявых умовах. Новы раунд экспэрымэнтаў пройдзе ў заходнеафрыканскай краіне Гамбія. Адначасова аўтары вынаходніцтва чакаюць вынікаў гадавога экспэрымэнту, які быў раней распачаты ў Паўднёва-Афрыканскай Рэспубліцы.

Доктарка Гелен Мак Шэн паведаміла журналістам, што калектыў мэдыкаў Оксфардзкага ўнівэрсытэту зь нецярплівасьцю чакае вынікаў новых выпрабаваньняў і спадзяецца, што яны дазволяць атрымаць ліцэнзію на вытворчасьць і прымяненьне новае антысухотнае вакцыны ўжо ў 2009 годзе.

Разам з тым навукоўцы зьвяртаюць увагу на той факт, што незалежна ад вакцыны і вакцынацыі, мэдыкі сёньня здольныя вылечыць сухоты і ведаюць як гэта рабіць. Таму кожны чалавек, асабліва ў разьвіцьцёвых краінах, які падазрае ў сябе сухоты, павінен пераканацца, што ён правільна абсьледаваны сваім лекарам і атрымвае адэкватнае лячэньне. А ўрады ўсіх краінаў, асабліва афрыканскіх і азіяцкіх павінны выконваць пастановы і рэкамэндацыі Сусьветнай арганізацыі аховы здароўя ў галіне прафіляктыкі і лячэньня сухотаў.

***

На чарзе парады амэрыканскай мэдычнай арганізацыі RealAge.

1. Калі вы ў канцы тыдня дазволіце сабе салодкі прысмак – гэта можа быць вельмі карысна для вашага здароўя. Аднак, кажуць мэдыкі, калі выбіраць паміж рознымі слодычамі, дык варты спыніць выбар на чорным шакалядзе. Падчас нядаўняга дасьледаваньня высьветлілася, што цёмны шакаляд можа быць вельмі карысны для судзінаў і паляпшае кровазварот. Такі эфэкт шакаляду выклікаюць антыаксыданты – так званыя фляваноіды, якія здольныя спыняць старэньне клетак і падвышаць імунітэт. Галоўнае, раяць мэдыкі, не перабольшваць порцыі, паколькі шакаляд утрымвае шмат тлушчу і калёрыяў. RealAge нагадвае, што атрыманьне дастатковай колькасьці антыаксыдантаў праз ежу або харчовыя дадаткі можа зрабіць ваш рэальны біялягічны ўзрост на 6 гадоў маладзейшым.

2. Так званыя ненасычаныя тлушчы могуць абараніць вас ад хваробы Альцгаймэра. Нядаўняе дасьледаваньне паказала, што такі тлушч, як Амэга 3 можа абараніць мозг ад утварэньня тромбаў і дэградацыі судзінаў. Якраз гэтыя працэсы выклікаюць зьніжэньне пазнавальнае функцыі і саму хваробу Альцгаймэра. Добрая крыніца кіслаты Амэга 3 – грэцкія гарэхі, ласось, ільняныя сямяны і гарэхі соі. RealAge сьцьвярджае, што нізкатлушчавая дыета і спажываньне ненасычаных тлушчаў можа зрабіць ваш рэальны біялягічны ўзрост на 6 гадоў маладзейшым.

3. Не забудзьцеся, што частае спажываньне некаторых напояў можа павялічыць рызыку ўтварэньня камянёў у нырках. Новае дасьледаваньне паказала, што кафэін можа выклікаць страту арганізмам кальцыю і выклікаць фармаваньне камянёў. Гэта асабліва датычыць людзей, якія ўжо раней мелі праблемы з камянямі ў нырках. Калі такая пагроза для вас актуальная, паспрабуйце скараць спажываньне кавы, чаю, колы і шакаляду. RealAge таксама нагадвае, што актыўны клопат аб сваім здароўі можа зрабіць ваш рэальны біялягічны ўзрост на 12 гадоў маладзейшым.
XS
SM
MD
LG