Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Францускае сьвята маладога віна адзначылі ў Менску


Севярын Квяткоўскі, Менск "Сьвята новага Бужуле" альбо Дзень маладога віна адзначылі сёньня ў Менску. Традыцыйнае францускае сьвята мае яшчэ адну назву – Новы год віна, і сьвяткуецца цяпер у ста пяцідзесяці краінах сьвету. У Беларусі француская амбасада ды прадстаўніцтвы некаторых францускіх фірмаў зладзілі фэст другі раз.

Француская дыяспара ў Менску невялікая – некалькі дзясяткаў чалавек. Але гасьцей на сьвята маладога віна назьбіралася некалькі соцень у розных кутках сталіцы. Галоўная дзея ладзілася ў гатэлі "Менск". Францускія дыпляматы і бізнэсоўцы былі ляканічныя на адкрыцьці:

(Шмялеўскі: ) "Ня будзе нацыянальнага гімну. Адзіны дазволены шум гэтым вечарам – гэта звон бакалаў зь віном. Я вас прашу пачаць".

Такімі словамі абасадар Францыі ў Менску Стэфан Шмялеўскі распачаў імпрэзу.

"Свята Новага Бужуле" сталася агульнанацыянальным для французаў яшчэ ў Сярэднявеччы. Гэта фактычна тыя ж беларускія Дажынкі, толькі замест збожжа людзі шануюць вінаград і адпаведна вінаробства. Калі ў цяперашняй Беларусі Дажынкі гэта найперш афіцыйнае мерапрыемства, дык у Францыі маладое віно ўшаноўваюць кожны трэці чацьвер лістапада ва ўсіх дамах, кавярнях ды проста на вуліцах. Прычым з уласнае ініцыятывы і зь вялікім энтузіязмам.

У часе імпрэзы ў гатэлі "Менск" не абышлося без канфузаў. Гатэльная шоў-група павіншавала французаў зь іх сьвятам на беларускай зямлі танцамі пад лацінаамэрыканскую, арабскую ды расейскую музыку.

Прадстаўнікі францускага боку выказалі спадзеў, што гэтае сьвята пашырыцца ў Менску. А ў Беларусі зьявіцца ня толькі францускае віно, але і першая француская рэстарацыя.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG