Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьнегапад на некалькі гадзінаў паралізаваў рух нават на цэнтральных вуліцах беларускай сталіцы


Алег Грузьдзіловіч, Менск На ўскраінах Менску і ў гарадзкіх дворыках барацьба з мокрым сьнегам працягваецца дагэтуль.

У 5.30 раніцы на Менск пачаў падаць першы сёлета сьнег, і да 9 гадзінаў сьнежнае покрыва ў некаторых месцах дасягнула 6 сантымэтраў. Кіроўца прыватнай “Аўдзі” Сяргей па дарозе ў цэнтар гораду патрапіў у затор і больш як на гадзіну спазьніўся на працу.

(Сяргей: ) “Ад вуліцы Ўманскай да Шчорса а палове дзявятай раніцы ўсё было забіта аўтамабілямі. Давялося аб’яжджаць. Ледзь ня трапіў у аварыю, але ўсё абышлося”.

Сяргей усё ж адзначае, што аўтамабілі дарожнай службы пасыпалі дарогі пяском, і гэта выратавала ад суцэльнага спыненьня руху.

Аднак Уладзімер, вадзіцель маршрутнай таксоўкі, які абслугоўвае мікрараён Сухарава, быў больш крытычны адносна працы дарожнай службы гораду:

(Уладзімер: ) “Спрацавалі раніцай жудасна. Вось на горку ня мог падняцца, прастаяў гадзіну. Не, ішла камунальная машына зь пяском, але не пасыпала, а толькі шчоткай прайшлася. Жудасна”.

Паводле сьведчаньняў жыхароў гораду, падобная карціна назіралася і ў іншых мікрараёнах. Аўтобусы і прыватныя аўтамабілі не маглі падняцца на горкі, бо дарогі яшчэ не былі пасыпаныя. Як вынік, тысячы жыхароў сталіцы спазьніліся на працу.

У прадпрыемстве “Горрамаўтадар” прызнаюць, што чарговы раз не ўдалося даць рады стыхіі. На вуліцы вывелі амаль усю тэхніку — каля 400 адзінак адмысловай тэхнікі, але, паводле галоўнага інжынэра “Горрамаўтадару” Ігара Жалтова, не пашанцавала з часам.

(Жалтоў: ) “Сьнегапад жа прыйшоўся на пік руху грамадзкага транспарту! Паўсюль былі заторы, і нам з нашымі калёнамі прабіцца было вельмі складана”.

Ігар Жалтоў запэўніў, што памылкі сёньняшняй раніцы будуць прааналізаваныя і выпраўленыя.

Тым часам на ходніках менскіх вуліцаў сьнег прыбіралі дворнікі, працаўнікі раённых службаў “Зеленбуду” і нават беспрацоўныя, якія стаяць на ўліку. Аксана Холадава прыбірае сьнег у менскім двары на вуліцы Лабанка, парцуе скрабком, які памерам ня большы за два цыгарэтныя пачкі. А чаму не рыдлёўкай, спытаўся я ў беспрацоўнай.

(Холадава: ) “Рыдлёўкі мне не далі, бо рыдлёўка адна, а нас трое. Нязручна”.

Прыбраны ад сьнегу ходнік Аксана пяском не пасыпае. Кажа, гэтым потым зоймецца майстар. Калі прыйдзе той майстар, Аксана ня ведае.

Апоўдні яшчэ ня быў расчышчыны сьнег каля адміністрацыі прэзыдэнта. Непадалёк стаялі й палілі працаўнікі з прадпрыемства “Эксплюатацыя будынкаў”, чакалі два грузавікі, трактар і мініпадборшчык. Кіроўцы казалі, што на ўсю працу ім хопіць паўгадзіны, вось толькі зьявіцца начальнік і дасьць каманду.

У той жа час побач з будынкам вайсковай контравыведкі ўжо было чыста, як на пляцы. Вось што значыць танная працоўная сіла, узброеная сапраўднымі сьнежнымі рыдлёўкамі!
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG