Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падаражэў праезд на ўсе віды пасажырскага транспарту


Галіна Абакунчык, Менск З 20 лістапада на 20% даражэе праезд на ўсе віды гарадзкога транспарту. Цяпер адна паездка ў аўтобусе, тралейбусе, трамваі ці мэтро будзе каштаваць ня 300, як раней, а 360 беларускіх рублёў. Раней, з 15 лістапада на 15% падвышаны праезд у экспрэсных, хуткасных і агульных аўтобусах міжгародніх лініяў. З 16 лістапада на 20% падвышаны праезд чыгуначным транспартам. Адпаведна на 6, 7,5 і 10% падаражэў праезд для ўсіх ільготных катэгорыяў грамадзянаў — пэнсіянэраў, інвалідаў, школьнікаў і студэнтаў.

У Міністэрстве транспарту й на чыгунцы гэта тлумачаць нерэнтабэльнасьцю пасажырскіх перавозак у зьвязку з усясьветным ростам коштаў на энэрганосьбіты, а таксама неабходнасьцю выконваць загад Аляксандра Лукашэнкі пра падвышэньне заробку. Вось што мне паведаміла галоўны спэцыяліст управы эканомікі Мінтрансу Галіна Сучкова:

(Сучкова: ) “Паліва падаражэла, запчасткі падаражэлі. Вы ж ведаеце, што сёлета нам трэба заробак падняць. У наступным годзе — тое ж самае”.

Яшчэ адной прычынай росту коштаў на праезд ёсьць неэфэктыўнасьць гаспадараньня ў транспартнай галіне, — заявіў у інтэрвію Свабодзе незалежны эканаміст Яраслаў Раманчук.

(Раманчук: ) “Калі ў транспарце манаполія, то ў сабекошт паслугі закладваюць такія кошты, што на іх можна дадатковую тралейбусную лінію пусьціць. Пра якую рэнтабэльнасьць можна казаць? Гэта неэфэктыўнае кіраваньне гэтым бізнэсам”.

Паводле спадара Раманчука, падвышэньне коштаў гэтаксама ёсьць вынікам нядаўняга падвышэньня пэнсіяў і заробкаў. І каб гэта ня выклікала незадаволенасьці грамадзтва, кошты падвышаюцца пачаргова. Вось што пра гэта думаюць самі пасажыры:

(Пасажырка: ) “Вельмі дрэнна думаю, бо нашыя даходы ўвесь час падаюць, а кошты паднімаюцца”.

(Пасажыр: ) “Дрэнна стаўлюся, бо ў мяне заробак і так малы, а тут яшчэ праезд падвышаецца й штрафы”.

(Пасажырка: ) “Раней не было сэнсу паднімаць кошты, бо гэта магло паўплываць на колькасьць выбаршчыкаў. А цяпер кошты паднімаюцца”.

Гэтак чарговае падвышэньне кошту праезду ў транспарце пракамэнтавалі менскія пасажыры.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG