Лінкі ўнівэрсальнага доступу

С.Яновіч: “Перасьлед беларускіх дзеячаў у Польшчы заўсёды супадае з аналягічнымі падзеямі ў Беларусі”


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава 18 лістапада ў Беластоку выйшаў чарговы нумар тыднёвіка беларусаў Польшчы “Ніва”, дзе ізноў шмат увагі надаецца судоваму працэсу ў справе выдаўцоў газэты.

“Пасьля вайны нацыянальныя меншасьці ў Польшчы складалі 18% насельніцтва, цяпер – менш за адзін адсотак. Дастаткова, напрыклад, каб найвышэйшая ўлада ў 1968 годзе дала свабоду сваім прэтарыянцам, і дзесяткі тысячаў габрэяў былі вымушаныя ўцякаць з краіны, у якой іх продкі жылі ад некалькіх пакаленьняў. Уцяклі таксама амаль усе немцы. Сёньня адзіная меншасьць, на якую магчыма беспакарана накіраваць агрэсію – гэта беларусы”, піша ў артыкуле “Падазроныя: газэта, школа, песьня” прафэсар Яўген Мірановіч.

Спадар Мірановіч адзначае, што беларуская інтэлігенцыя зрабіла вялікую памылку, паверыўшы напрыканцы 80-х у тое, што ў новай Польшчы грамадзяне няпольскай нацыянальнасьці змогуць атрымаць роўныя з палякамі правы.

“Прапаганда ўжо давяла да сьвядомасьці грамадзтва, што выдаваньне Нівы пагражае інтарэсам польскай дзяржавы. Заўтра, магчыма, стануць пагражаць школы, а ў канцы – народныя песьні”, піша прафэсар Мірановіч.

Між тым пісьменьнік Сакрат Яновіч у артыкуле “Забароненая мова” зьвяртае ўвагу на тое, што перасьлед беларускіх дзеячаў у Польшчы заўсёды супадае з аналягічнымі падзеямі ў Беларусі.

“Як толькі пачынаюць лупіць беларусаў пад саветамі (а “саветамі” спадар Яновіч называе й цяперашнюю беларускую ўладу), адразу бяруць за морду і ў Польшчы. Польскія ўлады выкарыстоўваюць аказію, іначай гэтага нельга зразумець”, піша Сакрат Яновіч у сёньняшнім нумары беластоцкай “Нівы”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG