Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Лукашэнка: “Мы павінны павярнуцца тварам да ўласнага народу”


Юры Сьвірко, Менск 17 лістапада, роўна празь месяц пасьля рэфэрэндуму, Аляксандар Лукашэнка падпісаў у Авальнай залі Дому ўраду рашэньне аб зьмене Канстытуцыі, што скасавала абмежаваньне пра два прэзыдэнцкія тэрміны паўнамоцтваў. Пасьля гэтага цягам амаль дзьвюхгадзіннае прамовы ў Доме ўраду Аляксандар Лукашэнка зрабіў некалькі заяваў пра палітычныя, сацыяльныя й замежныя аспэкты яго далейшага курсу.

Выступаючы перад сябрамі Нацыянальнага сходу й галоўнымі чыноўнікамі, спадар Лукашэнка заявіў, што курс дзяржавы ня зьменіцца. Ён сказаў, што вынікі выбараў і рэфэрэндуму вызначыў не адміністрацыйны рэсурс, а здаровы сэнс беларускага народу, аднак “гэтай праўды, якая на паверхні, за мяжой і тыя, хто прайграў у нас у краіне, ня хочуць прызнаваць”.

Аляксандар Лукашэнка падкрэсьліў: “Наш доўг — аддзячыць людзям за гэты велізарны крэдыт даверу”. Паводле яго, сутнасьцю ўсёй палітыкі беларускага кіраўніцтва будзе “плата народу за мужнасьць і веру, падтрымку”.

(Лукашэнка: ) “Я як кіраўнік дзяржавы з гэтай высокай трыбуны зьвяртаюся да ўсіх: мы, палітыкі, а нас нямала тысяч, павінны павярнуцца тварам да ўласнага народу і зрабіць усё для таго, каб гэты народ не пашкадаваў праз год, два, пяцігодку й дзесяцігодзьдзе, што ён такім чынам нас падтрымліваў”.

Варта нагадаць, што праз два гады адбудуцца прэзыдэнцкія выбары, на ўдзел у якіх прасіў дазволу на рэфэрэндуме Аляксандар Лукашэнка. Галоўную частку свайго выступу ён прысьвяціў падвышэньню дабрабыту народу, змаганьню зь бюракратызмам, паляпшэньню працы органаў аховы здароўя і навучальных установаў. Спадар Лукашэнка таксама загадаў зьменшыць на 30% выдаткі ў камунальнай сфэры й паабяцаў не падвышаць пэнсійны ўзрост.

У фінальнай частцы сваёй прамовы Аляксандар Лукашэнка гаварыў на тэму “Ўлада й апазыцыя”, а таксама заклікаў скасаваць прыняты ў ЗША “Акт аб дэмакратыі ў Беларусі”. Спадар Лукашэнка сказаў, што не сумняецца ў некаторых зьменах у апазыцыйным асяродзьдзі пасьля выбараў і рэфэрэндуму:

(Лукашэнка: ) “Апазыцыя мусіць разьмежавацца. Калі ў ёй ёсьць хаця б ледзь жывыя й рэалістычныя ці хаця б самастойныя сілы, яны павінны будуць, па-першае, прызнаць пазытыўныя дасягненьні ў найноўшай гісторыі беларускага грамадзтва, па-другое, выступіць з рашучым асуджэньнем тых подлых заклікаў да заходніх краінаў ажыцьцявіць блякавальныя мерапрыемствы супраць нашай дзяржавы”.

Аляксандар Лукашэнка спаслаўся на сваю размову з вэтэранамі вайны, якія параўналі дзеяньні цяперашніх апазыцыянэраў, якія патрабуюць санкцыяў, з пазыцыяй фашыстоўскіх прыхвасьняў і паліцаяў, пасьля чаго заявіў:

(Лукашэнка: ) “Акт аб дэмакратыі ў Беларусі, прыняты Злучанымі Штатамі Амэрыкі, які ёсьць несумнеўным умяшальніцтвам ва ўнутраныя справы нашай дзяржавы, напісаны менавіта з падачы нашых апазыцыянэраў. І накіраваны ён супраць беларускага народу. Гэты ганебны дакумэнт мусіць быць скасаваны. Інакш апазыцыі ўвогуле няма на што разьлічваць у нашым грамадзтве. Яны заўсёды псавалі нашы дачыненьні з заходнім сьветам — няхай цяпер пакажуць, ці могуць яны выправіць прынятыя акты безадказнасьці й недапушчальнага стаўленьня да нашай краіны”.

Спадар Лукашэнка дадаў, што апазыцыя павінна рашуча перагледзець сваё стаўленьне да праблемаў беларуска-расейскай саюзнай дзяржавы. Паводле яго, апазыцыянэры мусяць перайсьці ад правакацыяў, спалучаных з нацкоўваньнем алігархічных клянаў на “нязьменную лінію стратэгічнай каапэрацыі й кансалідацыі зь вялікай Расеяй”, да разуменьня адзінства карэнных інтарэсаў Расеі й Беларусі што да стварэньня новых саюзных дачыненьняў.

На думку Аляксандра Лукашэнкі, найбліжэйшыя год ці паўтара пакажуць, ці зьявіцца ў беларускай апазыцыі “хоць які-небудзь пазытыўны рэсурс”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG