Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Ўсясьветны дзень студэнта ЗБС прэзэнтавала “Дэклярацыю правоў студэнта”


Галіна Абакунчык, Менск У гонар Усясьветнага дня студэнта ў Віцебску прайшоў рок-канцэрт, падчас якога адбылася прэзэнтацыя Дэклярацыі правоў студэнтаў. Арганізатарам акцыі выступіла грамадзкая арганізацыя “Задзіночаньне беларускіх студэнтаў”, якая плянуе шэраг акцыяў аб наданьні дакумэнту статусу заканадаўчага акту.

Дэклярацыя правоў студэнтаў складаецца з 40 пунктаў, сярод якіх права на студэнцкае самакіраваньне, бясплатную адукацыю, мову навучаньня. Гэта тыя бакі студэнцкага жыцьця, якія ў Беларусі парушаюцца найчасьцей, — кажа лідэрка згуртаваньня Вольга Кузьміч. Чаму галоўная імпрэза ў дзень студэнтаў адбылася ў Віцебску, спадарыня Кузьміч патлумачыла гэтак:

(Кузьміч: ) “Сытуацыя ў нашай краіне не дае нам магчымасьці данесьці зьмест гэтай дэклярацыі да студэнтаў і да саміх уладаў. Адміністрацыі ўнівэрсытэтаў шмат дзе кажуць сябрам ЗБС, што прабачце, але ў межах нашай навучальнай установы мы вымушаныя праводзіць розныя невялікія прэзэнтацыі ў невялікіх гарадах. Нашыя апошнія акцыі сьведчаць пра тое, што любая студэнцкая актыўнасьць проста душыцца на карню”.

Паводле Вольгі Кузьміч, былі выпадкі, калі пасьля ўдзелу ў акцыях пратэсту сяброў ЗБС выключалі з ВНУ. Нават сама арганізацыя была забароненая ў Беларусі ў 2001 годзе. Менавіта перасьлед уладаў ёсьць асноўнай прычынай палітычнай інэртнасьці беларускага студэнцтва, — перакананы каардынатар моладзевага руху “Зубр” Яўген Афнагель.

(Афнагель: ) “Большасьць студэнтаў не падтрымлівае сёньняшнюю ўладу, але гэтая ж большасьць запалоханая рэпрэсіямі супраць моладзі, пачынаючы зь сярэдзіны 1990-х і да сёньняшняга часу. Калі студэнтаў выключалі з ВНУ, калі яны мелі праблемы з засяленьнем у інтэрнат, былі іншыя праблемы з вучобаю. Тым ня менш, у грамадзкіх арганізацыях, у тым ліку ў нас, у “Зубры”, студэнты ёсьць”.

Паводле спадара Афнагеля, палова ад агульнай колькасьці зубраўцаў, а гэта 3–5 тысяч чалавек, ёсьць студэнтамі.

Як паведамілі ў кіраўніцтве Беларускага рэспубліканскага саюзу моладзі, з 300 тысяч сяброў гэтай арганізацыі студэнты складаюць траціну. Усясьветны дзень моладзі ў БРСМ адзначылі мастацкім флэшмобам і пусканьнем у неба каляровых балёнчыкаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG