Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Мы ня кралі, нас прэміравалі”, сьцьвярджае адзін з кіраўнікоў “Белай Русі”


Алег Грузьдзіловіч, Менск Трэці тыдзень у Вярхоўным Судзе Беларусі ідзе працэс над былой кіраўніцай справамі прэзыдэнта Галінай Жураўковай і яе саўдзельнікамі. Суду засталося апытаць апошняга сьведку, а потым будуць вывучацца дакумэнты справы і пачнуцца судовыя спрэчкі. Але пэўнага адказу на пытаньне, ці крала грошы Галіна Жураўкова і яе падначаленыя, няма.

Верагодна, што працэс над Галінай Жураўковай замарудзіцца, бо выявіліся праблемы з апытаньнем апошняга сьведкі. Гэта брат былога намесьніка дырэктара фірмы “Белая Русь” спадара Мурашкі. Паводле сьледзтва, ён прывозіў у Беларусь з-за мяжы грошы, накрадзеныя кіраўнікамі “Белай Русі” празь незаконныя апэрацыі з нафтапрадуктамі, цукрам і цыгарэтамі. Сьледзтва лічыць, што гэтыя грошы дзяліліся потым ў наступнай прапорцыі : палова Жураўковай, а астатняе –– яе падначаленым Матусевічу, Мурашку, Сцяпанаву і Асіпенку.

Паказаньні малодшага Мурашкі ў справе ёсьць, але яго самога знайсьці ня могуць. Абвінавачаны Аляксандар Мурашка кажа, што пасьля допытаў брат зь Менска зьехаў і зараз невядома дзе. Пракурор прапануе не губляць часу на пошукі і зачытаць пісьмовыя паказаньні сьведкі, але адвакаты абвінавачаных пратэстуюць. Адвакат Жураўковай, прынамсі, лічыць, што сьведка сам зрабіў злачынства, правозячы празь мяжу недэкляраваныя сотні тысяч даляраў. Адваката зьдзіўляе, чаму сьведку вызвалілі ад адказнасьці. Фактычна, абарона падазрае асноўнага сьведку ў няшчырасьці й патрабуе, каб яго абавязкова дапыталі ў судзе. Але відавочна, што на пошукі сьведкі спатрэбіцца шмат часу.

Аднак галоўнай дзеючай асобай апошняга судовага паседжаньня стаў брат сьведкі, Аляксандар Мурашка. Былы намесьнік дырэктара “Белай Русі” доўга тлумачыў, адкуль браліся кошты на нафтапрадукты, цукар і цыгарэты, якімі гандлявала фірма. Паводле Аляксандр Мурашкі, гэта былі ня штучна заніжаныя кошты, як сьцьвярджае сьледзтва, а суцэльна рынкавыя. Што да звышпрыбытку, то яго забясьпечвалі замежныя партнэры фірмы, якія не хацелі сыходзіць зь беларускага рынку, і таму нібыта плацілі дадаткова.

“Насамрэч крадзяжу не было, бо ў дзяржавы мы не ўзялі ані капейкі. Нам дзячылі замежныя фірмы”, даводзіў суду Аляксандр Мурашка і падвёў рысу: “Каб людзі не шукалі дадатковых заробкаў, ім трэба плаціць у адпаведнасьці з працай”. Мурашка нават паскардзіўся, што афіцыйныя заробкі ў кіраўнікоў “Белай Русі” былі надзвычай нізкія – блізу 100 даляраў у месяц. І гэта пры тым, што фірма варочала мільёнамі даляраў. “Але тады ў вас атрымліваецца, што на дзяржаўным прадпрыемстве можна красьці?!” – зьдзівілася судзьдзя Ірына Ступень. “Нельга”, пагадзіўся Аляксандар Мурашка.

Дадам, што сваю віну ў справе ён прызнае, але пры гэтым не губляе нядрэннага настрою. На працэсе Аляксандар Мурашка трымаецца спакойна, а ў кулюарах (ён не пад вартай) нават самаўпэўнена. На пытаньне журналістаў, хто валодаў рахункамі ў замежных банках, на якія пералічаліся прэміяльныя грошы яму і ягоным саўдзельнікам, Аляксандар Мурашка адказаў усьмешкай.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG