Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менск – горад-прывід


Галіна Жарко, Менск Менск неаднаразова паўставаў з руінаў, у якія ператваралі горад ворагі. Але ня толькі войнамі тлумачыцца трагічны лёс гораду. І ў мірны час працягвалася руйнаваньне архітэктурнае спадчыны. У выніку бясконцых зьменаў сталіца набыла незвычайнае аблічча, якое ўражвае й зьдзіўляе.

Археолягі ведаюць пра існаваньне падземных хадоў, якія злучалі некалі сьвятыні старога гораду. Трапіць у гэтыя хады цяпер немагчыма, дый большасьці храмаў даўно няма. Сучасны горад уражвае чысьцінёю й прыгожымі станцыямі мэтрапалітэну. Але каб выйсьці з мэтро на плошчы Незалежнасьці, даехаць трэба да станцыі, якая называецца “Плошча Леніна”.

Вандроўка “underground” і на паверхні заводзіць то ў Менск, то ў Мінск альбо нават “Мнімск”, як ахрысьціў сталіцу фотамастак Міхась Баразна.

(Юнак: ) “У нашым горадзе ёсьць два тыпы жыхароў. Адны жывуць у Мінску, другія – у Менску. Мінск для мяне – савецкі гарадок са спальнымі раёнамі й хрушчоўкамі. А Менск – гэта нешта больш сур’ёзнае. Менск – гэта горад-прывід. Хутчэй, гэта нейкі настрой”.

Калі ехаць празь Менск з паўднёвага захаду, Маскоўская вуліца выведзе на праспэкт імя Францыска Скарыны – раней ён называўся Сталінскім, потым Ленінскім. Галоўная сталічная магістраль працінае горад навылёт ды імчыць далей – ужо дарогаю на Маскву.

Мастак Артур Клінаў:

(Клінаў: ) “Менск быў толькі трыюмфальнай аркай, брамай на ўезьдзе ў Імпэрыю. Чалавек, праехаўшы праз гэтую імпэрскую браму, праз гэты горад адной вуліцы, складзенай з двух шматкілямэтровых палацавых сьценаў, павінен быў упасьці ніцма перад грандыёзнасьцю ды хараством Імпэрыі”.

Расказвае гісторык Уладзімер Дзянісаў:

(Дзянісаў: ) “Менск пасьля вайны будаваўся як абсалютна новы горад. Горад у стылі сацыялістычнага рэалізму. Па канонах горадабудаўніцтва савецкага кірунку. Былі дыскусіі, можна было пачуць слабыя галасы пра тое, што трэба аднавіць горад у тым выглядзе, як ён быў да вайны. Да вайны Менск быў сапраўдным эўрапейскім горадам”.

Але партыйнае кіраўніцтва вырашыла будаваць сталіцу БССР. Тое, што адбылося, архітэктары й гісторыкі мастацтва называюць трагедыяй. Пачалося руйнаваньне старых аб’ектаў, затое праспэкт стаў шырокі...

(Спадарыня: ) “Менчукі палюбілі свой праспэкт, і вечарамі з прыемнасьцю гулялі. Цэлымі шарэнгамі хадзілі па шырокіх тратуарах, па вуліцы, бо транспарту было вельмі мала. Сталіца – яна трохі халаднаватая...”

Цягам жыцьця аднаго пакаленьня з правінцыйнага гарадка Менск ператварыўся ў двухмільённы мэгаполіс, які цяпер уражвае замежнікаў.

(Турыст зь Вялікабрытаніі: ) “Прыгожы горад. Мне падабаюцца плошчы. Асабліва плошча Перамогі...”

(Клінаў: ) “Чалавек з Эўропы, які ўпершыню трапляе ў Менск, звычайна бывае захоплены. Вандроўніка ўражвае даволі рэдкі для Эўропы фэномэн эстэтыкі імпэрскага гораду: разьлеглыя вуліцы й праспэкты, мноства палацаў зь нейкім троху дзіўным, але багатым дэкорам, бясконцыя велічэзныя паркі ў самым цэнтры...”

А да пабудаванага цягам мінулых стагодзьдзяў стаўленьне было грэблівае. Сьцены, ацалелыя ў вайну, узрывалі ў 1950-х, як гэта здарылася з касьцёлам дамініканцаў – помнікам архітэктуры барока, закладзеным у 1605 годзе. Ён замінаў манумэнту Сталіна. На месцы галоўнага праваслаўнага храму (гэта былыя касьцёл і кляштар бэрнардынак) у 1970-х плянавалася пабудаваць хмарачос – дом ведаў. І Верхні горад увесь час ня ўпісваўся ў пляны.

Мастак Віктар Сташчанюк працаваў у праектным інстытуце архітэктарам.

(Сташчанюк: ) “Як захаваць горад? Зьнесьлі Нямігу – значыцца, тое самае будзе й тут. Былі такія размовы: вось калі зьнясуць гэтую старызну, дык адкрыецца водна-зялёны дыямэтар. Два гады пасьля працы я рабіў замалёўкі ўсіх даўніх будынкаў, што захаваліся ў старым Менску”.

Віктар Сташчанюк – аўтар сэрыі літаграфіяў, на якіх вуліцы старога Менску. Гораду-прывіду.

У 1970-х мастак разам з калегам Анатолем Занеўскім і пісьменьнікам Уладзімерам Караткевічам дамагліся прыёму ў Пятра Машэрава, каб пераканаць у неабходнасьці захаваньня тае старажытнае забудовы, што яшчэ заставалася. Ішлі з прапановамі, паводле якіх старыя будынкі набывалі б жыцьцё, а не рабіліся музэйнымі экспанатамі.

У 1980-х лёс архітэктурнае спадчыны бурна абмяркоўваўся ўжо з удзелам грамадзкасьці. Старая забудова часткова захавалася, часткова аднаўляецца, але...

(Дзянісаў: ) “У Верхнім горадзе плянавалася ў сувязі з праграмай аднаўленьня страчаных помнікаў гісторыі й культуры аднавіць старажытныя гандлёвыя рады. Замест гэтага пабудавалі піўны рэстаран. Паставілі макецік ратушы, нават трошкі непадобны да аўтэнтычнага. І адначасова зьнішчылі старажытны цэнтральны сквэр і знакаміты менскі фантан, пастаўлены ў 1930-я гады, вядомага архітэктара Герасіма Якушкі. Выдатны помнік малых архітэктурных формаў”.

(Сташчанюк: ) “Праект базыльянскае царквы ляжыць гадоў дваццаць. Калі праектавалі мэтро, інжынэрныя разьлікі рабілі з тым, што тут будзе адноўлены будынак. Галава царквы нашае ня хоча, каб гэта было. Ён жа хоча, каб з макаўкамі!”

Мінск уражвае й зьдзіўляе. Менск вабіць таямніцамі гісторыі. Вобраз старога гораду паўстае і ў віртуальнай прасторы. Стваральнік сайту “Менск стары й новы” Ўладзімер:

(Уладзімер: ) “Дома былі старыя дзедавы фотаздымкі. Любіў фатаграфаваць куточкі гораду. Яны пайшлі за аснову. Канец 1950-х, сярэдзіна 1960-х. Вельмі шмат стужак прапала, калі зносілі старыя дамы на Нямізе. Тое, што пасьпеў адкласьці, захавалася. Можна зрабіць шпацыр па віртуальным горадзе, каб даведацца пра яго знутры. Ён існуе ва ўспамінах старажылаў. У іхных душах ён застаўся стары. Ён, вядома, адрозьніваецца ад таго, што цяпер – такі прыгладжаны”.

Актыўнае “прыгладжваньне” працягваецца. Але мастацтвазнаўцы й архітэктары дружна зганілі, напрыклад, рэканструкцыю сквэру на вуліцы Леніна. І моладзь, што “тусуецца” ў цэнтры, належным чынам не ацаніла добраўпарадкаваньня “наседжаных” месцаў.

(Юнак: ) “Мне абсалютна не падабаецца, калі старыя мясьціны... месцы, якія ўжо маюць сваю душу, шмат гадоў выглядаюць менавіта так... Іх перабудоўваюць цяпер па ўсім горадзе. І абноўленыя месцы проста трацяць нейкае нутраное прыцягненьне. Там, вядома, можна пасядзець... Але сапраўдную нутраную існасьць яно траціць”.

Новабудоўлі зь цягам часу абрастаюць “гісторыяй”, але мастацкай вартасьці час не дадае. Узор сучаснае архітэктуры – Палац Рэспублікі – дасьціпнікі ахрысьцілі саркафагам, то бок – манумэнтальнай, парадна аформленай труной. А два высозныя будынкі на рагу Сурганава й Акадэмічнай у народзе завуць Асьліныя вушы. За былым будынкам ЦК партыі замацаваўся назоў Прэзыдэнцыя. А ў менскую тапаніміку, апроч Камароўкі, трывала ўвайшла ўжо і Панікоўка, і вуліца Казлабродзкая.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG