Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“БДГ”: “Беларусь кінула пальчатку Амэрыцы. І падабрала яе”


Падрыхтавала Любоў Лунёва Агляд незалежнага друку

Газэта “Витебский курьер” надрукавала матэрыял пра 10-гадовы юбілей латыскай школы ў Віцебску. Сёньня ў ёй вучацца 30 дзяцей ва ўзросьце ад 6 да 17 гадоў. Каля 100 хлопчыкаў і дзяўчынак сталі выпускнікамі гэтай школы. Дырэктарка гэтай нядзельнай школы пры консульстве Латвіі Вікторыя Шпак у сваім інтэрвію лічыць галоўнай мэтай школы данесьці да латышоў, якія жывуць па-за межамі сваёй гістарычнай радзімы, іх культуру, звычаі й мову.

У Віцебску пачынаецца фэстываль бардаўскай песьні “Віцебскі лістапад”. Цягам тыдня ўдзельнікі фэстывалю будуць выступаць на сцэнах навучальных установаў.

“Витебский курьер” знаёміць чытачоў з вынікамі праверкі, якую рабілі спэцыялісты цэнтру стандартызацыі й сэртыфікацыі. Яны праверылі 250 прадпрыемстваў і парушэньні былі знойдзены на 203. Брак знайшлі ў 80,3% прадпрыемстваў. Сума штрафаў склала 50 мільёнаў рублёў.

“БДГ” пад загалоўкам “Беларусь кінула пальчатку Амэрыцы. І падабрала яе” аўтар распавядае пра паседжаньне Генэральнай асамблеі ААН, калі прадстаўнікі Беларусі прасілі прагаласаваць за рэзалюцыю наконт парушэньня правоў чалавека ў ЗША.

Чарговая партыя расейскіх журналістаў наведае Беларусь зь 15 да 18 лістапада. Праўда, гэтай групе пашанцавала менш, чым папярэдняй – у плянах няма сустрэчы з Лукашэнкам.

“Выбары 2004. Згадаюць усё”. Аўтары “БДГ” называюць прозьвішчы былых кандыдатаў у дэпутаты, супраць якіх пачаўся перасьлед уладаў. Аўтары робяць выснову, што сытуацыя можа скончыцца крымінальнымі справамі.

А газэта “Вольнае Глыбокае” паведамляе пра тое, што ў Падсьвільлі знайшлі магілу Міхала Фалькоўскага – удзельніка паўстаньня 1863 г. Над магілай стаіць стэла з крыжом, на якой напісана: “Памёр 10 кастрычніка 1930 г. Крывёй, сьлязьмі і потам арасіў зямлю беларускую й сібірскую”.

У Мосары на гары паставілі крыж вышынёй 19 м і вагой 10 т. Яго відаць за 25 км. Крыж асьвяціў Ян Крэмец з Пінску. Цяпер крыж стане выдатнасьцю, як і касьцёл св.Ганны, пабудаваны ў 1792 годзе.

30 плямістых аленяў пасяліліся ў вальеры пад Глыбокім. Іх завезьлі з Далёкага Ўсходу, і жывёлам спадабалася ў Беларусі. Паглядзець на іх прыяжджаюць швэды, чэхі, італьянцы. Алені тут – не для паляваньня, а для прыгажосьці.

Што тычыцца мясцовых птушак, то мясцовыя жыхары заўважылі, што з Глыбоцкага раёна дагэтуль не адляцелі ў вырай качкі і лебедзі. Чаму? Невядома, але старыя людзі такога не памятаюць.

А яшчэ ў “Вольным Глыбокім” можна прачытаць маленькі, але цікавы матэрыял пра вёску Вільна пад Рассонамі, што ў Пскоўскай вобласьці Расеі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG