Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейцы пакінулі ў спадчыну склад боепрыпасаў


Алесь Дашчынскі, Менск Міністэрства ўнутраных справаў і КГБ зноў узяліся за барацьбу з незаконным абаротам зброі на тэрыторыі Беларусі: аб’яўлена чарговая кампанія па добраахвотнай здачы насельніцтвам зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў.

Праваахоўныя органы нагадваюць, што добраахвотная здача зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў пазбаўляе грамадзяніна ад крымінальнай адказнасьці. Для гэтага дастаткова зьвярнуцца ў міністэрства ўнутраных справаў ці ў КГБ па так званых тэлефонах даверу.

Але грамадзяне Беларусі, якія незаконна валодаюць зброяй, рабіць гэта не надта сьпяшаюцца. Паводле статыстыкі за 9 месяцаў гэтага года колькасьць добраахвотна здадзенай зброі й боепрыпасаў амаль на 700 адзінак меншая, чым колькасьць канфіскаванай, а значыць большая частка грамадзянаў была ўсё ж прыцягнутая да крымінальнай адказнасьці. Больш падрабязнай інфармацыі ў міністэрстве ўнутраных справаў не даюць. Але як трапляе зброя ў рукі грамадзянаў?

Вось адзін з прыкладаў. У часе гэтай кампаніі ў міністэрства па надзвычайных сытуацыях патэлефанаваў старшыня Любанскага райвыканкама. Ён папрасіў разьмініраваць склад боепрыпасаў, які знайшлі школьнікі ля пасёлка Ўрэчча Любанскага раёна. Сучасныя боепрыпасы былі схаваныя на тэрыторыі былога вайсковага гарадка. Прадстаўнік міністэрства па надзвычайных сытуацыях па Менскай вобласьці Андрэй Юржыц падае адну з вэрсіяў паходжаньня гэтага складу:

(Юржыц: ) “Там стаяла былая расейская вайсковая частка, якая была выведзена недзе ў 1993 годзе, і ад яе засталася такая спадчына. Знойдзена 23026 аўтаматных патронаў, 1988 буйнакаліберных патронаў, 49 кулямётных і 11 процітанкавых гранат”.

Склад боепрыпасаў знайшлі дзеці, а не вайскоўцы, якія павінны былі раней праверыць усю былую тэрыторыю вайсковай часткі. Цяпер праваахоўныя органы праводзяць расьсьледаваньне, і магчыма, што яно прывядзе ў міністэрства абароны Беларусі.

(Юржыц: ) “Пры пакіданьні нейкай тэрыторыі вайсковай часткай праводзяцца работы па пошуку пакінутых боепрыпасаў, і яшчэ раней павінна было праводзіць гэтую працу менавіта міністэрства абароны”.

Ня выключана, што пакінутая вайскоўцамі зброя ці боепрыпасы, але і тая, якая цяпер знаходзіцца ў распараджэньні беларускіх вайскоўцаў, можа трапіць у рукі грамадзянаў. Таму ў часе кампаніі супраць незаконнага абароту зброі на тэрыторыі Беларусі кантралёры правераць аб’екты сыстэмы дазволу, паспрабуюць выявіць парушэньні ўмоваў захаваньня розных відаў зброі й боепрыпасаў, каб папярэдзіць іх крадзеж.

Відавочна, што зброю набываюць ня толькі дзеля ўчыненьня злачынстваў, але й дзеля асабістай бясьпекі. Легальна ж набыць у Беларусі можна толькі газавыя балёнчыкі ці пісталеты, дый тое на спэцыяльны дазвол. Гэты тавар у краме хутка разыходзіцца. Прадавачка адной зь менскіх крамаў кажа, што ў месяц прадаецца каля 50 газавых пісталетаў. Які там цяпер асартымэнт?

(Прадавачка: ) “Пісталет пяцізарадны, кошт 503 тысячы, газавыя балёнчыкі ёсьць, усё больш нічога няма. Да канца месяца прывязем расейскія, яны ж былі, але пакуль скончыліся. Шокеры таксама былі, таксама скончыліся”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG