Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рада БНР: “Дыяспара будзе ўплываць на амэрыканскую дапамогу недзяржаўным арганізацыям у Беларусі”


Сяргей Навумчык, Нью-Ёрк У Нью-Ёрку адбылося паседжаньне Прэзыдыюму Рады БНР. Старшыня Рады Івонка Сурвіла, а таксама сябры Рады Ала Орса-Рамана, Янка Запруднік, Вячка Станкевіч і іншыя распавялі пра кантакты з амэрыканскімі і эўрапейскімі палітыкамі што да рэфэрэндуму і выбараў у Беларусі, вынікі якіх Радай не ўважаюцца за легітымныя.

Адным з галоўных пытаньняў быў “Акт аб дэмакратыі”, які нядаўна быў прыняты Кангрэсам і падпісаны Прэзыдэнтам ЗША. Сябры Рады БНР, лідэры беларускіх арганізацыяў у ЗША выступілі як актыўныя лабісты гэтага дакумэнту, скарыстоўваючы свае кантакты як з кангрэсмэнамі, гэтак і з прадстаўнікамі Белага дому.

Старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла нагадала ў інтэрвію “Свабодзе”, што Рада прынцыпова не карыстаецца матэрыяльнай падтрымкай ніякіх дзяржаўных установаў якіх бы ні было краінаў, каб ня быць ад іх залежнай. Гэтак было раней, гэтак будзе і надалей, адзначыла спадарыня Сурвіла.

Да гэтага часу дыяспара не лічыла патрэбным уплываць і на выдаткаваньне арганізацыям у Беларусі сродкаў з амэрыканскіх крыніцаў (як вядома, ЗША абсалютна легальна спрыяе грамадзкаму сэктару ў розных краінах). Выглядае, што цяпер сытуацыя адносна падтрымкі арганізацыяў будзе зьмененая – дыяспара будзе адыгрываць больш актыўную ролю ў гэтым працэсе. Зрэшты, гэта і ня дзіўна, бо дыяспара – гэта амэрыканскія падаткаплацельшчыкі, а кожны падаткаплацельшчык жадае ведаць, куды і на якія патрэбы ідуць ягоныя грошы.

Цяпер, калі “Акт аб дэмакратыі” прыняты, дыяспара прадставіць свае прапановы наконт дапамогі тым недзяржаўным арганізацыям і незалежным СМІ ў Беларусі, якія спрыяюць ня толькі дэмакратыі, але й разьвіцьцю нацыянальнай культуры, і ў першую чаргу – пашырэньню ўжытку беларускай мовы. “Мы лічым гэта абсалютным прыярытэтам”, сказала Івонка Сурвіла ў інтэрвію “Свабодзе”.

Сярод іншых тэмаў, якія абмяркоўваліся на прэзыдыюме Рады БНР – прапановы актывістаў беларускіх арганізацыяў у Бэльгіі, якія зьвярнулі ўвагу Рады на трывожную тэндэнцыю, калі пад выглядам змагароў з рэжымам Лукашэнкі палітычны прытулак атрымліваюць асобы, якія з дэмакратычным, апазыцыйным рухам ня маюць нічога супольнага. Больш таго – ёсьць выпадкі, калі такія людзі нават не зьяўляюцца грамадзянамі Беларусі, падрабляюць дакумэнты. Такім чынам, на Захадзе ў пэўных колах быць беларусам цяпер “модна” – але мода гэткага кшталту не спрыяе аўтарытэту беларускай дэмакратыі й ідзе на шкоду тым ахвярным людзям, якія змагаюцца за незалежнасьць на Бацькаўшчыне, – адзначалася на паседжаньні прэзыдыюму Рады БНР.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG