Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Сашу й Сірожу” ізноў не пусьцілі на тэлевізію


Галіна Абакунчык, Менск У вечаровым эфіры Першага музычнага тэлеканалу 15 лістапада мусіла адбыцца прэм’ера перадачы “Новыя калыханкі” з удзелам вядомых тэлепэрсанажаў “Сашы й Сірожы.” Аднак за некалькі гадзінаў да эфіру адміністрацыя тэлеканалу паведаміла кіраўніцтву праекту, што “Новыя калыханкі” з праграмы перадачаў зьнятыя.

Паведамленьне пра адмену прэм’еры для ўдзельнікаў праекту сталася поўнай нечаканасьцю. Гаворыць прадусэр Яўген Калмакоў.

(Калмакоў: ) “Сёньня мы раптам даведаліся, што ня выйдзе. Самі ня ведаем чаму. Патэлефанавалі на канал, яны ніяк не патлумачылі, нешта пачалі казаць пра нейкія складанасьці. Мы сказалі, што будзем лічыць гэта тэхнічнай прычынай і паглядзім што будзе праз тыдзень”.

Кіраўнікі праекту пакуль ніяк не камэнтуюць зьняцьцё праграмы з эфіру, аднак лічаць, што падставай для гэтага маглі стаць самыя розныя прычыны. Да прыкладу, сёлета праграму “Саша й Сірожа” забаранілі на першым канале беларускага тэлебачаньня, нібыта, з прычыны нізкай папулярнасьці. Аднак ва Ўкраіне гэта найпапулярнейшая праграма – кажа Яўген Калмакоў.

(Калмакоў: ) “На Ўкраіне гэта самая рэйтынгавая праграма. Як зорак каналу нас запрашаюць на вялікую прэмію – нейкія прызы й падарункі будуць уручаць 15 сьнежня”.

Паводле Яўгена Калмакова, ніякіх абяцаньняў на будучыню выхаду праграмы на Першым музычным ім не давалі.

Праграма “Новыя калыханкі”, а таксама “Саша й Сірожа” зьяўляюцца праектамі творчага аб’яднаньня “Дзеці Сонца”, куды ўваходзяць гурты “Ляпіс Трубецкой”, “Крамбамбуля”, “ТТ-34” і іншыя. Ролю Сашы й Сірожы выконваюць мастак Алесь Хацкевіч і лідэр гурту “Ляпіс Трубецкой” Сяргей Міхалок.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG