Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гомельскія дэмакраты ўхвалілі сыстэму “праймэрыз” для адбору кандыдатаў у прэзыдэнты


Казімер Яноўскі, Гомель Прадстаўнікі дэмакратычных сілаў Гомельскага рэгіёну на сустрэчы ў абласным цэнтры вырашылі захаваць сваё адзінства ў межах кааліцыі “Пяцёрка плюс”. Запатрабавана ад цэнтральных партыйных органаў ужо напачатку будучага году вызначыць мэханізм вылучэньня адзінага кандыдата на прэзыдэнцкія выбары 2006 году.

Партыйныя ды грамадзкія актывісты Мазыру, Гомелю, Рэчыцы, іншых гарадоў у гэтыя дні заняты найбольш справаю давядзеньня на насельніцтва рэальнай інфармацыі пра вынікі апошняй палітычнай кампаніі. Дзеля гэтага выкарыстоўваюцца ўлёткі кааліцыі “Пяцёрка плюс” пад назовам “Праўда пра рэфэрэндум і выбары ў Беларусі”, некаторыя іншыя агітацыйныя матэрыялы. На сустрэчы выказана неабходнасьць хутчэйшага вызначэньня ад дэмакратычных сілаў адзінага кандыдата на будучыя прэзыдэнція выбары.

Меркаваньне старшыні Гомельскай абласной арганізацыі АГП Леаніда Арлова з Мазыра:

(Арлоў: ) “Вылучэньне адзінага кандыдата зьяўляецца надзвычай актуальнай праблемай, якую трэба вырашыць як мага раней. Паралельна, я лічу, трэба вырашаць пытаньне наконт таго, як мы будзем удзельнічаць у наступных выбарах і як будзем абараняць рэальныя вынікі новых выбараў”.

Прысутныя на сустрэчы рэгіянальных актывістаў лідэры АГП і ПКБ Аляксандар Дабравольскі і Сяргей Калякін прапанавалі варыянт вызначэньня патэнцыйных кандыдатаў у прэзыдэнты праз праймэрыз — сыстэму адбору лідэраў з удзелам шырокага кола выбарцаў. Бальшыня ўдзельнікаў сустрэчы падтрымала такі варыянт. Гучалі аднак і прапановы пра стварэньне адмысловага клюбу кандыдатаў у прэзыдэнты.

Улічваючы розныя меркаваньні, гомельскія актывісты запатрабавалі ад цэнтральных партыйных органаў не пазьней пачатку будучага году супольна вызначыць мэханізм вылучэньня адзінага кандыдата на прэзыдэнцкія выбары. Пры гэтым важная не сама схема вылучэньня, а рэальная дапамога выбарцам.

Гаворыць гомельскі палітык Віктар Карняенка:

(Карняенка: ) “Ісьці ў народ трэба з канкрэтнаю дапамогаю гэтаму народу. Напрыклад, разабрацца ў праблемах камунальнай гаспадаркі, разабрацца ў платнай мэдыцыне, адукацыі, якія ў нас мусіць быць бясплатнымі. Падобныя канкрэтныя рэчы павінны выходзіць на першае месца. У такім выпадку схемы вылучэньня лідэраў могуць мець сэнс”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG