Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Магілёўшчыне створаная кааліцыя, якая будзе працаваць на абраньне новага прэзыдэнта


Марыя Ўсьціновіч, Магілёў Дэмакратычныя сілы Магілёўскай вобласьці заявілі аб аб’яднаньні высілкаў дзеля ўдзелу ў прэзыдэнцкіх выбарах 2006 году. Грамадзкія арганізацыі і рэгіянальныя структуры апазыцыйных палітычных партыяў будуць працаваць разам дзеля падтрымкі адзінага прэтэндэнта на пасаду прэзыдэнта.

Упершыню ў гісторыі дэмакратычнага руху Магілёўшчыны ўсе апазыцыйныя партыі й арганізацыі разам дамовіліся аб сумесных дзеяньнях. Гэта адбылося на канфэрэнцыі аб’яднаных дэмакратычных сілаў у Магілёве, якая прайшла ў нядзелю пад дэвізам “Беларусь — позірк у будучыню”. Гаворыць лідэр абласной арганізацыі Партыі БНФ Рыгор Кастусёў:

(Кастусёў: ) “Пасьля апошніх выбараў у парлямэнт і рэфэрэндуму зноўку зьявілася інфармацыя, што апазыцыя нікчэмная, ня здолела нічога зрабіць, прайграла выбары. У нас адразу ўзьнікла ідэя правесьці канфэрэнцыю дэмакратычных сілаў. Паказаць, што ў нас адна агульная мэта — незалежная дэмакратычная эўрапейская Беларусь”.

Працаваць разам вырашылі прадстаўнікі ўсіх рэгіянальных грамадзкіх структураў і апазыцыйных палітычных партыяў. У канфэрэнцыі бралі ўдзел 100 дэлегатаў з розных раёнаў Магілёўскай вобласьці, якія зьяўляюцца сябрамі каля трыццаці розных арганізацыяў. Вось што сказаў на прэс-канфэрэнцыі пра аб’яднаньне першы сакратар Магілёўскага абкаму ПКБ Уладзімер Падалян.

(Падалян: ) “Нягледзячы на тое, што нашы партыя розныя — левыя, правыя, цэнтрысцкія — сёньня мы павінны сумесна вырашаць пытаньні захаваньня дэмакратыі ў Беларусі”.

Шырокая кааліцыя, паводле пляну да 2006 году, сваёй мэтай ставіць працу дзеля абраньня на пасаду кіраўніка краіны адзінага дэмакратычнага кандыдата. Якім бачаць магілёўцы прэтэндэнта на пасаду прэзыдэнта, гаворыць кіраўнік фонду садзеяньня ўстойліваму разьвіцьцю Віталь Васількоў.

(Васількоў: ) “Я мяркую, што ён павінен быць прыняты ўсімі палітычнымі партыямі. Сапраўды, няважна — якое прозьвішча. Важна, што гэты чалавек павінен прывесьці нашу краіну да нармалёвага прававога поля”.

Магілёўскія дэмакраты выступілі з заклікам да лідэраў апазыцыі ў Менску выпрацаваць мэханізм вылучэньня адзінага кандыдата ў прэзыдэнты і як мага хутчэй вызначыцца з яго асобай. Магілёўцы лічаць, што чым раней яны пачнуць працу ў рэгіёне, тым больш шанцаў на перамогу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG