Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Савет Рэспублікі па-ранейшаму будзе ачольваць Генадзь Навіцкі


Юры Сьвірко, Менск “Сэнатары” адзінагалосна прагаласавалі за Генадзя Навіцкага. Але новым намесьнікам старшыні гэтай верхняй палаты Нацыянальнага сходу стаў Аляксандар Абрамовіч, які дагэтуль быў намесьнікам кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта. На першым паседжаньні Савету Рэспублікі ўсе выбары кіраўніцтва палаты былі безальтэрнатыўнымі.

Першае паседжаньне Савету Рэспублікі трэцяга скліканьня пачалося з зацьверджаньня паўнамоцтваў усіх 56 яго сяброў, якія былі абраныя ў рэгіёнах Беларусі з 56 кандыдатаў. Адразу пасьля гэтага кіраўнік Менску Міхаіл Паўлаў, у законнасьці абраньня якога ў Савет Рэспублікі меў сумнеў нават Цэнтарвыбаркам, пакінуў залю паседжаньня дзеля іншых справаў.

Далей пачаліся выбары кіраўніцтва палаты. Старшыня Цэнтарвыбаркаму Лідзія Ярмошына, якая вяла паседжаньне, зазначыла, што кандыдатуры могуць прапаноўваць толькі сябры Савету Рэспублікі. Адзін зь іх Барыс Батура, губэрнатар Магілёўшчыны, ад імя рабочай групы прапанаваў зрабіць сьпікерам экс-прэм’ера Генадзя Навіцкага, які займаў гэтую пасаду дагэтуль.

Але нечакана з трыбуны выступіў першы намесьнік кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі Аляксандар Папкоў, якога летась Аляксандар Лукашэнка звольніў з ураду разам з Генадзем Навіцкім за прыпіскі ў сельскай гаспадарцы. Спадар Папкоў заявіў, што да кіраўніцтва парлямэнту “прад’яўляюцца асабліва высокія патрабаваньні”, і сказаў: “Паводле даручэньня кіраўніка дзяржавы на ваш разгляд прапаноўваецца кандыдатура Навіцкага”.

Назваўшы таго “перакананым прыхільнікам прэзыдэнта краіны”, Аляксандар Папкоў упэўнена заявіў: “Я мяркую, што гэтая думка будзе аднагалосна падтрыманая дэпутатамі палаты Савету Рэспублікі”. Так і адбылося — за Генадзя Навіцкага прагаласавалі 54 чалавекі, супраць нікога не было. Ягоным намесьнікам стаў Аляксандар Абрамовіч, за якога было 53 галасы, а супраць — нікога.

Альтэрнатыўных кандыдатаў не прапаноўвалася, гэтаксама як і падчас выбараў старшыняў камісіяў Савету Рэспублікі. Камісіяй па заканадаўстве зноў будзе кіраваць Натальля Андрэйчык, старшыня калегіі адвакатаў Беларусі.

Але заставалася пытаньне, якія партфэлі дастануцца вылучэнцам Аляксандра Лукашэнкі, што паводле Канстытуцыі мае права прызначыць 8 сяброў Савету Рэспублікі. Аднак да дня пачатку сэсіі ніводнага ўказу пра гэта ён не падпісаў.

Я зьвярнуўся да ўсё яшчэ намесьніка кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі Аляксандра Абрамовіча, які толькі што стаў віцэ-сьпікерам, з пытаньнем: дзе ж Лукашэнкавы прызначэнцы?

(Абрамовіч: ) “Прызначаюцца. Па-мойму, цяпер вось ужо будзе прызначаны адзін зь іх”.

Сапраўды, адразу пасьля гэтых словаў спадару Абрамовічу прынесьлі Лукашэнкаў указ ад 15 лістапада аб прызначэньні сябрам Савету Рэспублікі Мікалая Чаргінца. Віцэ-сьпікер сказаў: “Давайце хутчэй, каб мы яго пасьпелі абраць”.

Але пасьля перапынку аднагалосна й безальтэрнатыўна абіралі старшыняў іншых камісіяў: бюджэтна-фінансавую ўзначаліў яшчэ адзін супрацоўнік прэзыдэнцкай адміністрацыі Сьцяпан Пісарэвіч, які быў там начальнікам галоўнага эканамічнага ўпраўленьня, а пасаду старшыні камісіі па сацыяльных пытаньнях захаваў Антоль Новікаў.

Камісію па рэгіянальнай палітыцы, якую ў Савеце Рэспублікі другога скліканьня ачольваў сьпікер першага скліканьня Павал Шыпук, цяпер не пераабраны, перайменавалі ў камісію па рэгіянальнай палітыцы й мясцовым самакіраваньні ды аддалі Анатолю Малафееву, былому сьпікеру Палаты прадстаўнікоў.

Нарэшце прапанавалі абраць старшынём камісіі міжнародных справаў і нацыянальнай бясьпекі Мікалая Чаргінца. Аднак пра ўказ прэзыдэнта сэсіі афіцыйна не паведамілі й паўнамоцтвы яго не пацьвердзілі. Такім чынам, Савет Рэспублікі з 56 прызнаных сяброў выбраў на пасаду старшыні адной з галоўных камісіяў 57-га сябра зь непацьверджанымі паўнамоцтвамі, што ўскосна пацьвердзіў і сам спадар Чаргінец:

(Чаргінец: ) “На першай частцы мяне не было, а той частцы нашых сяброў Савету Рэспублікі, хто пацьвердзіў сваё званьне сябра Савету Рэспублікі, хачу ад імя таварышаў, якія прыйшлі наноў, сказаць, што ў нас з вамі, я ўпэўнены, атрымаецца многае. Але ня ўсё. На жаль, ня ўсё ад нас залежыць. Скажу шчыра: праца, якая не заўжды прыносіць радасьць. Таму што вы ведаеце сытуацыю ў сьвеце, стаўленьне да Беларусі й да нас, парлямэнтароў”.

Мікалай Чаргінец, які ўжо трэці раз абраны на пасаду старшыні міжнароднай камісіі Савету Рэспублікі, сказаў, што трэба ўмацоўваць дачыненьні з Эўропай, бо “цяжка ідуць пакуль справы ў Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы”, і “трэба настойліва дамагацца ўмацаваньня стасункаў і з самай магутнай дзяржавай сьвету — ЗША”. Хаця адразу дадаў, што сам толькі што быў у Нью-Ёрку ў ААН і даў жорсткі адказ на “напады ЗША з нагоды СМІ, зьніклых людзей і непаўнавартаснасьці парлямэнту”.

Варта нагадаць, што Мікалай Чаргінец старэйшы за былога сьпікера Савету Рэспублікі Аляксандра Вайтовіча, якога адклікалі з палаты прэзыдэнцкім указам, афіцыйна патлумачыўшы гэта нормай закону, якая забараняе быць дзяржаўным службоўцам пасьля 65 гадоў. Вось які дыялёг на гэтую тэму я меў са спадаром Вайтовічам:

(Карэспандэнт: ) “Вас калі звальнялі, сказалі, што вы занадта стары, прабачце, а Малафееву ўжо за 70 — і тым ня менш яго абіраюць...”

(Вайтовіч: ) “Гэты аспэкт я не хачу камэнтаваць, таму што даўно ўсё пра гэта сказана: проста выдумка і ўсё. У нас парушаць закон — гэта так прынята. Дык чаго зьдзіўляцца?”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG