Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Іранцы зьбіраюцца наладзіць у Беларусі вытворчасьць францускіх аўтамабіляў


Падрыхтавала Любоў Лунёва Агляд незалежнага друку

Газэта “Белорусский рынок” надрукавала артыкул пад загалоўкам “Рэкорд як сродак самаабароны”. Сёлетні высокі ўраджай цукровых буракоў забясьпечвае посьпехі ў рэалізацыі цукровай праграмы – цукровае лобі ў Расеі ўжо дасягнула пэўных посьпехаў.

“Замежжа нам дапаможа” – пад такім загалоўкам можна прачытаць пра тое, што іранцы зьбіраюцца наладзіць у Беларусі вытворчасьць францускіх аўтамабіляў. Яны будуць набываць ліцэнзію на тэхналёгію старых аўтамабіляў у Францыі, а зьбіраць іх у Менску. Іранцы спадзяюцца пастаўляць аўтамабілі ў Расею. Пакуль вядома, што марка называецца “Самант”.

“Белорусская газета” надрукавала рэпартаж пра канцэрт Дэвіда Кавэрдэйла. З-за неверагоднай колькасьці АМОНу гледачы ўзгадвалі савецкія часы, калі нават не дазвалялі ўставаць з крэсла ў часе выступленьня.

Расейскі кінакрытык з газэты “Коммерсантъ” Арына Барадзіна аналізуе сытуацыю, якая можа скласьціся пасьля прыняцьця папраўкі да законапраекта аб забароне трансьляцыі сцэнаў жорсткасьці і гвалту ад 7 да 22 гадзіны.

Карэспандэнт “Белорусской газеты” распавядае пра тое, як намагаўся трапіць на лыжную трасу пад Лагойскам, куды наведаўся Аляксандр Лукашэнка. Натуральна, яго не пусьцілі, спаслаўшыся на тое, што гэта аб’ект Міністэрства абароны.

Чытачам газэты прапануюць цікавую дыскусію на тэму: “Ці патрэбны Беларусі “народны парлямэнт”?”. Суразмоўцамі выступаюць праваабаронца Людміла Гразнова, якая выступае супраць, і лідэр “Народнай Грамады” Мікола Статкевіч, які займае супрацьлеглую пазыцыю. Чым яны аргумэнтуюць свае адказы? Чытайце аб гэтым у “Белорусской газете”.

“Брестская газета” надрукавала артыкул пра хвалю аўкцыёнаў, якая ахапіла берасьцейскія рынкі. На лёты выстаўляліся гандлёвыя месцы. Аўтар артыкулу даказвае, што насамрэч прадпрымальнікі і так застаюцца арандатарамі сваіх месцаў, але грошы ад аўкцыёна на права арэнды патрэбныя толькі бюджэту.

Ці ўратуюць акцыянэры калгасьнікаў? Журналістка Людміла Селех высьвятляла гэтае пытаньне, якое так і засталося рытарычным. Аўтарка схіляецца да таго, што ў сёлетніх умовах толькі праз пэўны час можна казаць пра нейкія вынікі акцыянэрства. Згодна з распараджэньнем Берасьцейскага выканкама, прадпрыемствы, якія далучаюць да сябе калгасы, мусяць зрабіць гэта да 1 сьнежня.

Кожнаму ў жыцьці даводзіцца карыстацца паслугамі натарыюсаў. Але ня ўсе ведаюць, што не за кожны дакумэнт трэба плаціць грошы. “Брестская газета” даводзіць да сваіх чытачоў інфармацыю аб бясплатных ці ільготных паслугах натарыяльных кантораў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG