Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Багданкевіч пра падвышэньне рэнтабэльнасьці прадпрыемстваў: “Усё гэта ліпа”


Юлія Шарова, Менск Валавы ўнутраны прадукт у Беларусі за першыя дзесяць месяцаў узрос больш чым на 11 адсоткаў, паведамляе Міністэрства статыстыкі. Плянавалася, што за год гэты асноўны эканамічны паказьнік складзе 9-10 адсоткаў, але ўжо цяпер гэтыя пляны перавыконваюцца. Разам з валавым унутраным прадуктам у Беларусі значна палепшыліся іншыя эканамічныя паказьнікі, у паасобку – рэнтабэльнасьць: тая ўзрасла ў параўнаньні зь мінулым годам больш чым на 5 адсоткаў. Ці можна тут казаць пра нейкі прарыў у айчыннай гаспадарцы?

Паводле апошніх зьвестак, агульная рэнтабэльнасьць на беларускіх прадпрыемствах сапраўды падвысілася. 12 лістапада ў Горадні Лукашэнка заявіў, што цяпер яна набліжаецца аж да 15 адсоткаў. Па выніках мінулага году гэты паказьнік складаў 9-10 адсоткаў, толькі ў некаторых галінах – напрыклад, у прамысловасьці – ён быў крыху вышэйшы. І вось сёлета статыстыка зафіксавала такія посьпехі айчынных прадпрыемстваў.

Былы кіраўнік Нацбанку Станіслаў Багданкевіч тлумачыць гэта тым фактам, што сёлета зьмененая структура выдаткаў у прамысловасьці, спосаб іх падліку. Раней у выдаткі адносілі працэнты па крэдытах – цяпер гэтыя працэнты будуць выплачвацца з прыбытку. Таму й статыстыка па рэнтабэльнасьці выходзіць зусім іншая – папросту ствараецца ілюзія фінансавай пасьпяховасьці. Між тым, са словаў эканаміста, агульная запазычанасьць прадпрыемстваў перад беларускімі банкамі перавышае 8 трыльёнаў рублёў. Таму, калі падлічыць прыбытковасьць прадпрыемстваў ранейшым спосабам, то выйшлі б зусім іншыя вынікі, кажа спадар Багданкевіч.

(Багданкевіч: ) “Яна была б больш рэальнай і суадноснай з папярэднім годам, калі яна была нізкай, гэтая рэнтабэльнасьць. А цяпер раптам скачок адбыўся. Які скачок? Скачок мог бы адбыцца, калі б падвысілася прадуктыўнасьць, калі б тэхналёгія вытворчасьці найноўшая была б уведзеная, калі б абнаўленьне абсталяваньня адбылося. Нічога ж гэтага не адбылося. Таму ўсё гэта ліпа такая”.

Як патлумачыў Станіслаў Багданкевіч, прадпрыемствам стала цяпер значна складаней вырашаць свае фінансавыя праблемы. Паколькі ў іх фармальна падвысілася рэнтабэльнасьць, яны вымушаныя болей плаціць падаткаў у бюджэт. Але пасьля выплаты падаткаў прадпрыемствы сутыкаюцца з праблемай выплаты працэнтаў па крэдытах, якія яны бяруць у камэрцыйных банкаў. Выжываюць вытворцы толькі дзякуючы добраму попыту на расейскім рынку, куды ідзе шмат беларускай прадукцыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG