Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палата прадстаўнікоў трэцяга скліканьня атрымала ў спадчыну ад сваёй папярэдніцы больш за 50 заканадаўчых актаў


Уладзімер Глод, Менск 15 лістапада –апошні афіцыйны дзень працы Палаты прадстаўнікоў другога скліканьня. Праўда, разьвітаньне з парлямэнцкімі паўнамоцтвамі той часткі дэпутатаў, якія не патрапілі ў новы склад, фармальна адкладаецца да 17 лістапада. Менавіта ў сераду ўлады плянуюць правесьці сумеснае паседжаньне дэпутатаў старога й новага парлямэнту. Гэта будзе, так бы мовіць, маральная кампэнсацыя за тое, што кіраўніцтва ўраду й Адміністрацыі прэзыдэнта праігнаравала апошняе пленарнае паседжаньне Палаты, якое адбылося 10 дзён таму. Між тым, гэтае паседжаньне стала адметным ня толькі адсутнасьцю на ім высокага чынавенства, але й тым, што дэпутаты напасьледак “бразнулі дзьвярыма” й адрынулі антыкарупцыйную ініцыятыву Аляксандра Лукашэнкі. Які далейшы лёс прапанаваных кіраўніком дзяржавы зьменаў у Крымінальны кодэкс?

Згодна зь дзейным заканадаўствам, адхіленыя дэпутатамі папраўкі да Крымінальнага кодэксу, так бы мовіць, аўтаматычна пераходзяць у спадчыну новаабраным дэпутатам. У сакратарыяце Палаты мне паведамілі, што парлямэнтары другога скліканьня не пасьпелі прыняць больш за 50 заканадаўчых актаў. Гэтыя дакумэнты знаходзяцца ў рознай ступені падрыхтоўкі: адным засталося прайсьці другое чытаньне, другім – першае, трэція пакуль не выходзілі далей за рамкі парлямэнцкіх камісіяў.

Нечага надзвычайнага тут няма – такая практыка перадачы законапраектаў існавала й раней. Але цікава адзначыць, перадусім, тыя дакумэнты, якія “буксуюць” у Палаце ўжо некалькі год: пра Нацыянальны сход, пра ўпаўнаважанага ў правох чалавека, пра сацыяльныя гарантыі й льготы...

На апошнім пленарным паседжаньні дэпутатам прапанавалі прыняць адразу ў двух чытаньнях зьмены й дапаўненьні ў Крымінальны кодэкс. Гаворка ішла пра тое, каб прыняць карэктывы адразу ў двух чытаньнях. Гэта супярэчыць звыклай парлямэнцкай практыцы – рабіць абавязковы перапынак паміж першым і другім чытаньнямі – і здараецца звычайна толькі тады, калі ўладам патрабуецца тэрмінова зьмяніць нейкі закон.

Гэтым разам улады хацелі ўзмацніць адказнасьць за ўхіленьне ад аплаты падаткаў. Напрыклад, пакараньне за такія дзеяньні хацелі павялічыць да чатырох год зняволеньня, зрабіць абавязковай канфіскацыю маёмасьці за нежаданьне плаціць падаткі буйнога памеру...

Аднак дэпутаты палічылі, што такія санкцыі занадта жорсткія. Асабліва настойваў на непрыняцьці паправак Віктар Кучынскі, які лічыць, што значная частка памылак адбываецца не наўмысна, а з-за вялікай заблытанасьці беларускага заканадаўства. Звычайнай стала зьява, калі да аднаго закону чынавенства з розных міністэрстваў рыхтуе дадаткова дзесяткі пастановаў, інструкцыяў і загадаў.

(Кучынскі: ) “І чаму сёньня ўся адказнасьць за неўплату падаткаў кладзецца на дырэктараў і бугальтараў? Штрафныя санкцыі такія, што, каб іх выплаціць, трэба год працаваць. Калі мы й далей пойдзем гэтым шляхам, то хутка ў нас не застанецца ні дырэктараў, ні бугальтараў. Бюракратыя, велізарная колькасьць папераў, якія трэба запаўняць. Неабходны адмысловы штат утрымліваць, каб сачыць за зьмяненьнямі заканадаўства, перадусім, не таго, што Палата прадстаўнікоў прымае, а за нарматворчасьцю ўрада, міністэрстваў і ведамстваў”.

Калі пачала працаваць Палата другога скліканьня, амаль ніхто не думаў, што з цягам часу ў ёй складзецца дэмакратычная дэпутацкая група “Рэспубліка”. Цяжка сказаць, ці можа ўтварыцца нешта падобнае ў новай палаце. Я нядрэнна ведаю некаторых дэпутатаў, асабліва тых, хто будуць тут знаходзіцца другую, а то й трэцюю кадэнцыю. І сярод іх многа людзей з катэгорыі “сабе на ўме”. Так што можа быць усё. Вось што думае пра гэта кіраўнік групы “Рэспубліка” Сяргей Скрабец:

(Скрабец: ) “Вельмі складана, канечне, калі цябе прызначылі на працу, а ты замест таго, каб лізаць руку свайму гаспадару, вазьмі – ды за палец яго кусьні. Думаю, што бліжэйшым часам чакаць дзеяньняў ад новых дэпутатаў немагчыма. Але, калі сытуацыя будзе трохі гэтаму садзейнічаць, яны абавязкова нешта зробяць. Там многа разумных людзей, якія ведаюць, што яны робяць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG