Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ален: “Я ўключаю любую беларускую FM-станцыю, і не магу зразумець – у якой краіне знаходжуся”


Вінцэсь Мудроў, Наваполацак Наваполацкі выканаўца Ален на гэтым тыдні скончыў запіс новага альбому.

Выйсьці да шырокай слухацкай аўдыторыі, аднак, альбом пакуль што ня мае шанцаў, бо аўтар не дае рады знайсьці грошай дзеля яго тыражаваньня.

Дагэтуль Ален – які, дарэчы зьяўляецца ўладальнікам Гран-пры ІІІ нацыянальнага фэстывалю беларускай песьні і паэзіі, – выпусьціў чатыры альбомы.

Апошні, які мае назву “Гукавая паштоўка”, напісаны ў жанры беларускага гарадзкога шансону і, скажу шчыра, нічым не саступае расейскамоўнай папсе, якую дзень да ночы круцяць айчынныя радыёстанцыі.

І тут даводзіцца канстатаваць, што, у адрозьненьні ад згаданай папсы, беларускі аўтар ня мае сродкаў для тыражаваньня сваёй песеннай прадукцыі”.

Прычына такога стану рэчаў хіба толькі ў адсутнасьці спонсараў? На думку Алена, прычыны тут больш грунтоўныя.

(Ален: ) “Я ня буду казаць канкрэтна пра сябе, а скажу наагул: для разьвіцьця нацыянальнай папулярнай музыкі ў нас практычна няма грунту, няма самой інфраструктуры музычнага бізнэсу, ня склаўся інстытут прадусараў, зацікаўленых ва ўкладаньні грошай для “раскруткі” беларускіх артыстаў. І гэта, хутчэй за ўсё, вынік эканамічнай сытуацыі ў краіне”.

Вышэйшае кіраўніцтва дзяржавы ўзяло на ўзбраеньне адраджэнскі слоган “Слухай сваё!” Паводле ўладнай ініцыятывы радыёэфір, прынамсі 50% (а з новага году магчыма 75%), мусіць быць апанаваны беларускай музыкай. Гэтую мы, зразумела, не маглі абмінуць у размове з Аленам.

(Ален: ) “Тут назіраем падмену паняткаў: у эфір ідуць, у асноўным, расейскамоўныя песьні ў выкананьні артыстаў беларускага паходжаньня, і гэта выдаёцца за нацыянальную музыку. Я ўключаю любую беларускую FM-станцыю, і не магу зразумець – у якой краіне знаходжуся”.

Дадамо да словаў суразмоўцы, што FM-аўскае “Радыё Віцебск” працуе ў эфіры ўжо два гады, і за ўвесь гэты час я не пачуў ад яго аніводнага беларускага слова, аніводнай беларускамоўнай песьні.

Тутэйшыя наваполацкія ўлады аніякай цікавасьці да нацыянальнай культуры таксама не выяўляюць. Пра тое кажа і Ален:

(Ален: ) “У суседнім Полацку такая дапамога мае месца. Ну а Наваполацак – горад шматнацыянальны, горад нафтавікоў, тут падыходы зусім іншыя. Як вынік – многія таленавітыя наваполацкія творцы зьехалі за мяжу. Лік іх ужо ідзе на дзясяткі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG