СУХУМІ. Сёньня ў сталіцы Абхазіі працягваліся хваляваньні, якія пачаліся ўчора захопам галоўных адміністрацыйных будынкаў прыхільнікамі кандыдата на пасаду прэзыдэнта Абхазіі Сяргея Багапша. Багапш быў абвешчаны пераможцам прэзыдэнцкіх выбараў, што адбыліся ў кастрычніку. Але вынік галасаваньня пазьней быў скасаваны праз парушэньні заканадаўства, былі прызначаныя новыя выбары. У сёньняшняй заяве прэзыдэнт Абхазіі Ўладзіслаў Ардзінба, якога падтрымлівае Масква, заявіў, што захоп будынкаў быў спробай дзяржаўнага перавароту. Расея заявіла, што можа зрабіць пэўныя крокі ў абарону сваіх інтарэсаў у рэспубліцы. Міністар замежных справаў Грузіі Саламэ Зурабішвілі назвала выказваньні Масквы “няпрыймальнымі”.