Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуская апазыцыя пачынае шукаць “адзінага” да прэзыдэнцкіх выбараў 2006 году


Уладзімер Глод, Менск На прэзыдэнцкіх выбарах 2001 году адзіны кандыдат ад дэмакратычных сілаў зьявіўся толькі за паўтара месяца да дня выбараў. Зразумела, што гэтага часу не хапіла, каб "раскруціць" прафсаюзнага лідэра Ўладзімера Ганчарыка. Дзеля таго, каб не паўтараць тую памылку, палітычныя партыі, што уваходзяць у кааліцыю "Пяцёрка+", ужо пачалі рыхтавацца да наступных прэзыдэнцкіх выбараў, якія згодна з дзейным заканадаўствам мусяць адбыцца ў 2006 годзе.

Ці згадваюцца ўжо нейкія прозьвішчы магчымых кандыдатаў?

Канкрэтныя прозьвішчы падчас дыскусіяў пакуль не гучаць. Палітыкі спачатку спрабуюць знайсьці мэханізм выхаду на адзінага кандыдата. Першапачаткова ён выглядае так – правесьці ў наступным годзе агульнанацыянальную дыскусію на тэму: зь якой праграмай і хто зможа зьмяніць Лукашэнку.

Калі гэты падыход будзе прыняты, то, параўнальна з папярэднімі выбарамі кіраўніка дзяржавы, у працэсе абраньня адзінага кандыдата будзе ўдзельнічаць значна больш людзей.

Ёсьць і іншы падыход, які значна нагадвае папярэднія выбары – сабраць так бы мовіць знакавых пэрсонаў, якія й назавуць імя прэтэндэнта на галоўную пасаду краіны ад дэмакратычных сілаў.

Пакуль апазыцыйныя палітыкі не сьпяшаюцца падзяліцца інфармацыяй з мэдыямі. Нават старшыня Аб''яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька гэтым разам скупаваты на канкрэтныя зьвесткі:

(Лябедзька: ) “Пошук мэханізму выхаду на адзінага кандыдата праз выпрацоўку супольнай стратэгіі й тактыкі дзеяньняў на прэзыдэнцкія выбары. Пакуль тут без падрабязнасьцей, але магу адзначыць, што мы маем палітычную волю мець агульную стратэгію і тактыку ў падрыхтоўцы прэзыдэнцкай кампаніі, нягледзячы на ўсе перашкоды, выпрацаваць яе й рэалізаваць на практыцы”.

Гэта пакуль толькі прапановы ад кааліцыі "Пяцёркі+", але Партыя БНФ прапануе ўдзельнічаць у гэтай акцыі й іншым дэмакратычным сілам. Больш таго, невыпадкова гаворыцца пра агульнанацыянальную дыскусію. За яе асабліва настойліва выступае Васіль Лявонаў, які лічыць, што нельга дапусьціць паўтарэньня сытуацыі 2001 году, калі аўтаномна дзейнічалі некалькі штабоў, і іх было надзвычай цяжка аб''яднаць на фінішы выбарчай гонкі.

Да падключэньня ў працэс вызначэньня адзінага кандыдата як мага большай аўдыторыі выступае й Анатоль Лябедзька.

(Лябедзька: ) “Трэба прапанаваць такую стратэгію, якая б зрабіла ўдзельнікамі працэсу як мага больш грамадзянаў Беларусі. Ня толькі актывісты палітычных партыяў, грамадзкіх арганізацыяў будуць адчуваць сябе саўдзельнікамі працэсу, а многія шараговыя грамадзяне. Тады мы зможам разьлічваць на посьпех. Мажліва мы будзем пастаўленыя ў такія ўмовы, што й выбараў ня будзе, што будзе паўтарэньне цяперашняй сытуацыі. Але калі мы будзем працаваць з сотнямі тысячаў, а яшчэ лепш, з мільёнамі грамадзянаў Беларусі, то яны за намі пойдуць, якая б у канчатковым варыянце не заставалася стратэгія".

Гл. таксама • Праблема вылучэньня адзінага кандыдата на прэзыдэнцкія выбары 2006 году - ці здолее апазыцыя вылучыць адзінага кандыдата?
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG