Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выдаўцы беларускай “Нівы” ў Польшчы ўсё яшчэ пад сьледзтвам


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава У Беластоку працягваецца сьледзтва ў справе меркаваных фінансавых парушэньняў у рэдакцыі тыднёвіка беларусаў Польшчы “Ніва”. Пракуратура пашырае сьпіс падазраваных беларускіх дзеячаў, зьвязаных з выдаваньнем газэты, але пры гэтым адмаўляе ў інфармацыі ў чым канкрэтна яны абвінавачваюцца.

Летась у чэрвені ў рэдакцыі “Нівы” прайшла фінансавая праверка, у выніку якой былі знойдзеныя нязначныя парушэньні ў справаводзтве, якія выдаўцы газэты – праграмная рада тыднёвіка “Ніва” – забавязаліся неадкладна выправіць.

Звычайна, такія парушэньні караюцца невялікім штрафам, аднак кантрольны орган – Найвышэйшая кантрольная палата Польшчы – нечакана накіравала справу ў пракуратуру. Выдаўцоў “Нівы” абвінавацілі ў тым, што яны выдавалі бюджэтныя сродкі не ў вызначаны тэрмін.

Паводле прафэсара Яўгена Мірановіча – былога старшыні Праграмнай рады тыднёвіка, гэта зьвязанае з тым, што датацыі паступаюць нерэгулярна і часам трэба ашчаджаць ці купляць нешта ў запас, каб не спыніць выхаду газэты.

(Мірановіч: ) “Хаця кантроль і паказаў, што ніводная залатоўка з датацыяў не прапала, была разгорнутая кампанія ў мэдыях, зь якой можна было атрымаць уражаньне, што здарылася нешта такое, што ледзь не пагражае эканамічнай бясьпецы польскай дзяржавы”.

Кожнага з 11 сябраў праграмнай рады “Нівы” наведала паліцыя, зьняла адбіткі пальцаў.

Прадстаўнікі беластоцкай пракуратуры напачатку аб’явілі, што выдаўцам тыднёвіка пагражае да 8 гадоў турэмнага зьняволеньня, потым адмовіліся ад гэтых словаў, а цяпер увогуле ня хочуць нават патлумачыць, у чым яны абвінавачваюцца. Ня ведаюць гэтага і самі падазроныя.

(Кішло: ) “Я б не хацела пакуль даваць ніякай інфармацыі ў гэтай справе. Калі пракурор, які вядзе справу, скончыць сьледзтва – тады ўсе будуць паінфармаваныя аб выніках гэтага сьледзтва”.

Заявіла нашаму радыё галоўны пракурор пракуратуры аднаго з раёнаў Беластоку Бажэна Кішло. Паводе яе словаў, гэтая справа ня мае ніякага палітычнага характару.

Між тым галоўны рэдактар “Нівы”, Яўген Вапа кажа, што, нават мінімальны прысуд для выдаўцоў газэты – а сярод іх прадстаўнікі 8 беларускіх арганізацыяў Беласточчыны, пазбавіць іх далейшых датацыяў на выхад газэты, а таксама магчымасьцяў зьвяртацца па фінансаваньне беларускіх праектаў у Эўразьвяз, балятавацца ў часе выбараў і гэтак далей.

(Вапа: ) “Удар у “Ніву” – гэта ўдар у беларускія арганізацыі ў Польшчы. Гэта трэба выразна сказаць, таму што зьнікае юрыдычная база, зьнікае нават месца для сустрэчаў – вы бачыце, што ўвесь час да нас тэлефануюць, прыходзяць людзі. Гэта цэнтар беларускага жыцьця, больш такога няма ў такім маштабе”.

Каму ў Польшчы магло б быць патрэбнае зьнішчэньне “Нівы”? Сябра рэвізійнай камісіі праграмнай рады – прафэсар Алег Латышонак.

(Латышонак: ) “Гэта я сам хацеў бы ведаць. Не магу высьветліць, каму гэта так патрэбна было – заводзіць справу супраць “Нівы”, а праз гэта супраць усяго беларускага асяродзьдзя”.

Сказаў прафэсар Латышонак.

Больш падрабязна пра сытуацыю вакол тыднёвіка беларусаў Польшчы “Ніва” слухайце ў нашай заўтрашняй праграме.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG