Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія лётчыкі затрыманыя ў Кот-д’Івуару, а МЗС Беларусі заяўляе, што дзяржава туды нікога не накіроўвала


Юры Сьвірко, Менск Беларускае дыпляматычнае ведамства заявіла, што дзяржаўныя органы грамадзян Беларусі ў гэтую афрыканскую краіну не накіроўвалі. Аднак чацьвёра беларускіх грамадзян кажуць, што знаходзяцца ў Кот-д’Івуары ды іх затрымалі вайскоўцы францускага Замежнага легіёну. Камандзір экіпажу заяўляе, што мае з сабой беларуска-івуарскае міжурадавае пагадненьне аб вайсковай дапамозе, на падставе якога яны там працуюць.

На чарговым брыфінгу ў Міністэрстве замежных справаў яго прэсавы сакратар Андрэй Савіных адказаў на пытаньне Радыё Свабода, ці вядзецца цяпер эвакуацыя грамадзян Беларусі з Кот-д’Івуару, дзе працягваецца ваенны канфлікт. Паводле спадара Савіных, МЗС цяпер правярае інфармацыю, распаўсюджаную вядучымі сродкамі масавай інфармацыі са спасылкай на міністра абароны Францыі — пра мажлівы ўдзел беларускіх грамадзянаў у гэтым канфлікце.

“Як толькі мы атрымаем вычарпальную інфармацыю, мы вас праінфармуем”, — сказаў спадар Савіных і дадаў, што сёньня з упэўненасьцю можа сказаць толькі адно: “Беларускія грамадзяне па лініі органаў дзяржаўнага кіраваньня ў Кот-д’Івуар не накіроўваліся”.

Аднак Радыё Свабода ўдалося зьвязацца з тымі 15 мэханікамі ў Кот-д’Івуары, пра якіх раней паведаміў палкоўнік Корэ з івуарскага Міністэрства абароны. Як выявілася, сярод іх 3 расейцы, 8 украінцаў і 4 беларусы. Жыхар Менску Ўладзімер па тэлефоне з аэрапорту Абіджан адказаў на маё пытаньне, ці зьнішчалі там францускіх вайскоўцаў беларускія лётчыкі:

(Уладзімер: ) “Мы беларусы, але не размаўляем па-беларуску. Мы тут знаходзімся, мы лятаем на Ан-12, Ан-12 ніколі нічога не бамбаваў і нават пры жаданьні бамбаваць ня зможа. Мы транспартныя лётчыкі, мы тут утрыманыя… Хутчэй за ўсё, мы ў палоне тут знаходзімся. Ну калі чалавек абмежаваны ў перасоўваньні — гэта палон ці не? Мы вазілі грузы, мы цяпер загружаныя харчамі. То бок мы зьбіраліся адвезьці харчы, але тут пачался страляніна й нам не было куды падзецца. Мы апынуліся тут на аэрадроме”.

Самалёт Ан-12, які мусіў перавезьці нейкія харчы ўнутры Кот-д’Івуару й на якім працавалі гэтыя 15 чалавек, ня зьнішчаны. Ён стаіць у аэрапорце Абіджану. Палонныя лётчыкі з СНД кажуць, што харчуюцца грузам, які ёсьць на борце іх самалёта. Камандзір экіпажу Міхаіл, грамадзянін Расеі, адмовіўся назваць сваё прозьвішча, але паведаміў:

(Міхаіл: ) “Мы прыляцелі досыць даўно, мы працуем тут паводле кантракту. Наш самалёт транспартны, мы перавозім для ўраду грузы любыя, якія ім трэба”.

На маё пытаньне, ці былі сярод гэтых грузаў вайсковыя, Міхаіл вырашыў не адказваць. Затое заяву МЗС Беларусі пра тое, што беларускіх грамадзян у Кот-д’Івуары па дзяржаўнай лініі няма, камандзір экіпажу пракамэнтаваў гэтак:

(Міхаіл: ) “Як жа няма, калі ёсьць у мяне дакумэнты — у мяне ў партфэлі ляжаць: міжурадавае пагадненьне паміж Рэспублікай Беларусь і Кот-д’Івурам аб ваеннай узаемадапамозе ў пляне абслугоўваньня тэхнікі…”

(Карэспандэнт: ) “А вы ж кажаце, што вы транспартныя самалёты абслугоўваеце”.

(Міхаіл: ) “Ну, тут зьнішчаная ўся тэхніка баявая, якая была. На ёй ляталі мясцовыя таварышы”.

(Карэспандэнт: ) “Але вы абслугоўвалі?”

(Міхаіл: ) “Так”.

Палкоўнік Корэ зь Міністэрства абароны Кот-д’Івуару ў чацьвер зноў пацьвердзіў Радыё Свабода, што гэтыя 15 чалавек маюць кантракт з івуарскай арміяй і абслугоўвалі вайсковыя самалёты.

А ўкраінец Алег са складу гэтага экіпажу распавёў, што ў аэрапорце Абіджану іх пад аховай трымаюць таксама славяне — жаўнеры францускага Замежнага легіёну, родная мова якіх расейская.

Гл. таксама • Ці абстрэльвалі беларускія наёмнікі ў Кот-д’Івуару францускіх міратворцаў?
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG