Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Время” спынілі незаконна – прызнала Міністэрства інфармацыі


Альгерд Невяроўскі, Менск Прадстаўнікі Міністэрства інфармацыі прызналі незаконным свой загад аб прыпыненьні на тры месяцы выхаду незалежнай газэты “Время”. 11 лістапада ў Вышэйшым гаспадарчым судзе яны патлумачылі, што, калі гэты загад падпісваўся, яны атрымалі з пракуратуры дакумэнты аб парушэньні рэдакцыяй тыднёвіка Закону аб друку. Судзьдзя даў прадстаўнікам міністэрства час да раніцы 12 лістапада на адмену незаконнага загаду.

Паводле падпісанага міністрам інфармацыі Ўладзімерам Русакевічам 24 жніўня загаду, выдавецкі дом “Время” і рэдакцыя газэты зьмянілі свой юрыдычны адрас і ў месячны тэрмін не паведамілі пра гэта міністэрству, што супярэчыць Закону аб друку. Гэтае рашэньне было прынята на падставе ліста з пракуратуры, у якім сьцьвярджалася, што адкрытае акцыянэрнае таварыства “Белрамбудсувязь” з 1 чэрвеня скасоўвае дамову аб здачы ў арэнду сваіх памяшканьняў выдавецкаму дому “Время”.

Кіраўніцтва дому палічыла гэты загад незаконным і падало пазоў у Вышэйшы гаспадарчы суд аб яго адмене.

У міністэрскім загадзе скасаваньне дамовы аб арэндзе пазначана датай 1 жніўня. Юрысты міністэрства патлумачылі ў судзе, што гэта тэхнічная памылка. Мелася на ўвазе, што газэта “Время” пазбавілася юрыдычнага адрасу менавіта 1 чэрвеня, а ня жніўня.

Дырэктар выдавецкага дому “Время” Генадзь Ананьеў і ягоны прадстаўнік Андрэй Бастунец прадэманстравалі суду афіцыйны дакумэнт, у якім дырэктар “Белпрамбудсувязі” паведамляе, што дамова аб арэндзе насамрэч скасаваная з 1 жніўня. І прадстаўнікі газэты, у адпаведнасьці з законам, цягам месяца паінфармавалі міністэрства пра зьмену юрыдычнага адрасу.

Начальнік юрыдычнай управы Міністэрства інфармацыі Лілія Богдан і яе калега прызналі, што загад міністра Русакевіча незаконны. Судзьдзя Аркадзь Сусла прапанаваў прадстаўнікам міністэрства да раніцы 12 лістапада адмяніць незаконны загад. У адваротным выпадку ён будзе адменены судом. Прадстаўнікі міністэрства камэнтаваць тое, што адбылося ў судзе, адмовіліся. А вось што сказаў з гэтай нагоды Андрэй Бастунец:

(Бастунец: ) “На мой погляд, гэты загад быў відавочна незаконным. І мы пра гэта казалі ў звароце да міністра інфармацыі. Патрабавалі, каб ён адмяніў гэты загад, але ён на гэта не пайшоў”.

Юрысты ж Міністэрства інфармацыі й цяпер сумняюцца, што гэты загад будзе адменены ў несудовым парадку.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG