Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзяржаўная аўтаінспэкцыя патрабуе ўвесьці больш суровыя санкцыі супраць нецьвярозых кіроўцаў


Ігар Карней, Менск Цягам апошняга часу на дарогах Беларусі ДАІ штогод ловіць у сярэднім 10 тысяч п’яных. Прычым, як мяркуюць супрацоўнікі Дзяржаўтаінспэкцыі, колькасьць тых, хто сядае за руль пасьля чаркі-другой, нашмат большая.

Практычна ўсе затрыманыя з доляй алькаголю ў крыві трапляюць у рукі міліцыі выпадкова за іншыя парушэньні — перадусім, за перавышэньне хуткасьці ці ў выніку ДТЗ. Кіроўцы ў адказ спасылаюцца на досьвед іншых краінаў, дзе закон дазваляе мінімальнае ўтрыманьне ў крыві алькаголю на ўзроўні хоць бы бутэлькі піва. Прыкладам, у Нямеччыне двзволеная норма не павінна перавышаць 0,8 праміле, тады як у Беларусі гэта паказчык удвая меншы.

Пакуль ідэі Дзяржаўтаінспэкцыі існуюць толькі ў якасьці заканадаўчай ініцыятывы, за кіраваньне аўтамабілем у нецьвярозым стане караюць пазбаўленьнем дакумэнтаў і, адпаведна, права сядаць за руль ад шасьці месяцаў да трох гадоў. Пасьля азначанага тэрміну ўсе страчаныя правы аўтаматычна вяртаюцца. Кіраўніцтва ДАІ лічыць такую кару занадта мяккай. Прапанова — вярнуцца да досьведу чатырох-пяцігадовай даўніны, калі кіроўцам даводзілася пасьля перапынку паўторна здаваць іспыты. Пэрспэктывы экзамэнаваньня, на думку ДАІ, павінны настрашыць аматараў выпіць больш, чым простае чаканьне.

Як паведаміла прадстаўніца апарату рэспубліканскай ДАІ Ганна Галдыцкая, справа зь вяртаньнем да практыкі пераздачы іспытаў практычна вырашаная. Новая норма можа пачаць дзейнічаць ужо ад сьнежня.

(Галдыцкая: ) “Гэта рэальныя пэрспэктывы. На гэты момант зьмены і дадаткі ў адпаведную пастанову МУС на стадыі ўзгадненьня”.

Сярод кіроўцаў падобная навіна выклікала супярэчлівую рэакцыю. Асабліва ў асяродку тых, хто ня супраць выпіць і падчас працы. На аднаго такога я выпадкова натыкнуўся.

(Кіроўца: ) “Мне такая ініцыятыва ДАІ не падабаецца. Бо наноў здаць на правы практычна немагчыма. Некаторыя людзі папросту згубяць працу. А даводзіць да такога стану нельга”.

Разам з тым, супрацоўнікі ДАІ катэгарычна супраць легалізацыі большай долі ўтрыманьня алькаголю ў крыві, чым ёсьць цяпер. Маўляў, мэнтальнасьць у людзей такая, што за адной шклянкай піва ці больш моцнага напою абавязкова пойдзе другая і трэцяя. Вось што з гэтай нагоды распавёў інспэктар ДАІ, якога я на некалькі хвілінаў адарваў ад працы.

(Інспэктар ДАІ: ) “Добра на Захадзе — там гэта практыкаваць можна і не зважаць на нейкія праміле. У нас таксама існуе норма ў 0,4 праміле, за гэта не караюць, бо гэта лічыцца як слабаастаткавыя наступствы. Але як у нас звычайна? Пад гэтую марку п’юць без тармазоў. Такая нацыя”.

Што да кіроўцаў, супраць якіх і плянуецца ўвесьці больш жорсткія санкцыі, то, як ні дзіўна, абсалютная бальшыня апытаных да меркаванага пакараньня ставіцца з разуменьнем. Праўда, хтосьці лічыць, што варта было бы зьвярнуцца да досьведу суседзяў-літоўцаў, дзе дазволеная норма алькаголю ў крыві вагаецца ў межах 0,8–0,9 праміле — а гэта амаль дзьве бутэлькі піва. У Беларусі ж за бутэльку піва можна пацярпець гэтак жа, як і за бутэльку гарэлкі.

(Кіроўца Менскага аблвыканкаму: ) “Зрэшты, і цяперашняга пакараньня дастаткова, але калі будзе яшчэ больш жорсткае, то нічога страшнага. Чалавек жа асэнсавана п’яны за руль сядае...”

(Кіроўцы таксі: ) “Калі ўжо патрапіў п’яны, то забіраць трэба правы і ўвогуле ніколі за руль больш не пускаць. А як вы кажаце, што запатрабуецца яшчэ і пераздача іспытаў, то гэта абавязкова, стоадсоткава. Гэта самае мінімальнае. І пазбаўляць не на год, а мінімум на тры. Няма чаго ў такім выглядзе ўвогуле лезьці за руль”.

(Кіроўца: ) “Калі чалавек сеў п’яны за руль, то любыя карныя меры супраць яго абгрунтаваныя…”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG