Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму Міністэрства юстыцыі патрабуе перарэгістрацыі першасных партыйных арганізацыяў?


Валер Карбалевіч, Менск Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”. Удзельнікі: намесьнік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Сяргей Альфер зь Менску і намесьнік старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі “Народная грамада” Анатоль Ляўковіч зь Берасьця.

(Валер Карбалевіч: ) “Шмат хто з экспэртаў прагназаваў, што пасьля рэфэрэндуму рэпрэсіі ўладаў супраць апазыцыі й грамадзянскай супольнасьці ўзмацняцца. Магчыма, цяпер гэта пачало спраўджвацца. Патрабаваньне Міністэрства юстыцыі, каб партыйныя арганізацыі палітычных партыяў рэгістраваліся не ў жылых памяшканьнях, а ў офісах, улады тлумачаць неабходнасьцю прывесьці сытуацыю ў адпаведнасьць з заканадаўствам, патрабаваньнем супрацьпажарнай бясьпекі, санітарных нормаў і іншае. А кіраўніцтвы партыяў лічыць гэта чарговым наступам улады на дэмакратыю. Што стаіць за гэтым патрабаваньнем Мін’юсту? Што гэта азначае для партыяў у практычным сэнсе? Да якіх наступстваў можа прывесьці?”

(Сяргей Альфер: ) “Сапраўды, усе палітычныя партыі атрымалі ліст зь Мін’юсту, у якім прапануецца да 1 лютага наступнага году прывесьці юрыдычныя адрасы сваіх ніжэйшых структураў у адпаведнасьць з артыкулам 8 Жыльлёвага кодэксу. Гэта азначае, што пасьля 1 лютага будуць забароненыя ўсе партыйныя структуры, якія былі зарэгістраваныя ў шматкватэрных дамах. І новыя партыйныя структуры могуць быць зарэгістраваныя ў жылым фондзе толькі ў прыватным сэктары па ўзгадненьні з пажарнікамі, санстанцыяй, архітэктурнай установай і зь мясцовым выканкамам.

Такім чынам прагназуецца, што палітычныя партыі згубяць каля 90% сваіх першасных структураў і амаль страцяць легальную магчымасьць працаваць на тых тэрыторыях, дзе цяпер існуюць іхныя структуры. Таму што ў адпаведнасьці з нашым заканадаўствам нельга выступаць ад імя незарэгістраваных арганізацыяў. Гэтае правіла тычыцца як арганізацыяў увогуле, так і іхных першасных структураў”.

(Карбалевіч: ) “Але, наколькі я разумею, само юрыдычнае існаваньне партыяў гэтыя патрабаваньні Мін’юсту пад пагрозу ня ставіць. Таму што нават калі самі першасныя арганізацыі не зарэгіструюць, але ж самі партыі ўжо зарэгістраваныя, і яны будуць існаваць, дзейнічаць і далей”.

(Альфер: ) “Не зусім так. Паводле статутаў амаль усіх палітычных партыяў, першасныя структуры зьяўляюцца асноваю існаваньня партыяў. І, паводле статутаў, для таго каб маглі існаваць вышэйшыя структуры, патрэбна, каб існавала некалькі ніжэйшых арганізацыяў. Таму, зачыняючы ніжэйшыя рангам арганізацыі, можна ліквідаваць і вышэйшыя. Скажам, калі на тэрыторыі раёну няма двух першасных структураў, то раённая арганізацыя таксама спыніць сваё існаваньне. А калі такім чынам закрыць усе раённыя арганізацыі, то ня будзе абласной структуры — і так далей. І такім чынам можна юрыдычна, з дапамогаю легальнага мэханізму давесьці партыю да таго, што яна будзе мець свае арганізацыі менш як у палове абласьцей. А гэта ўжо падстава, каб ліквідаваць партыю згодна з заканадаўствам”.

(Анатоль Ляўковіч: ) “У рэгіёне тая ж сытуацыя, што і ў сталіцы. Зразумела, што калі выканаць патрабаваньне Мінюсту, то арганізацыйныя структуры партыяў будуць ліквідаваныя. І партыйныя арганізацыі цалкам згубяць магчымасьць легальна працаваць. То бок, дзейнасьць партыяў рэальна заганяецца ў падпольле. І гэта дае ўладам магчымасьць потым татальна перасьледаваць партыйных актывістаў. Гэта асабліва небясьпечна ў рэгіёнах. І так ціск на апазыцыю ў рэгіёнах значна мацнейшы. Цяпер гэтая тэндэнцыя ўзмоцніцца”.

(Карбалевіч: ) “Спадар Ляўковіч, ці сапраўды ў рэгіёне, напрыклад, у Берасьці, цяжка зарэгістраваць партыйную арганізацыю ў офісе альбо ў жылым памяшканьні, выканаць усе патрабаваньні ўзгадненьня з шмат якімі інстанцыямі?”

(Ляўковіч: ) “У мяне трынаццаць гадоў вопыту партыйнай працы. Калі раней было магчыма рэгістраваць на кватэрах, іншых памяшканьнях, то напярэдадні леташніх мясцовых выбараў, і асабліва напярэдадні рэфэрэндуму спробы зарэгістраваць партыйную арганізацыю ня мелі плёну. А цяпер гэта стане ўвогуле немагчыма”.

(Карбалевіч: ) “Калі прыняць палітычную вэрсію гэтых захадаў уладаў, то навошта гэта патрэбна? Да гэтага часу галоўным аргумэнтам уладаў супраць абвінавачаньняў у парушэньні дэмакратычных правоў быў факт легальнага існаваньня апазыцыйных палітычных партыяў. Вось, маўляў, глядзіце – апазыцыйныя партыі існуюць, маюць офісы, выступаюць з заявамі, удзельнічаюць у выбарах, на апошніх выбарах у большасьці акругаў прозьвішчы прадстаўнікоў апазыцыі значыліся ў выбарчых бюлетэнях. То бок, падавалася б, уладам выгадна, каб апазыцыйныя партыі існавалі ў такім паўлегальным, паўзадушаным стане. Навошта цяпер уладам заганяць апазыцыю ў падпольле? Якая карысьць для іх?”

(Альфер: ) “Я думаю, што карысьці ўвогуле ніякай ня будзе. Але пэўная лёгіка ў дзеяньнях уладаў ёсьць. Справа ў тым, што тыя лічбы, якія былі агучаныя ўладамі па выніках рэфэрэндуму і выбараў, разьлічаныя на насельніцтва, на тую частку людзей, якая дрэнна разумее палітычныя рэаліі ў Беларусі. А самі ўлады добра ведаюць рэальны ўзровень падтрымкі. Яны напужаныя тым, якую важную ролю адыгралі палітычныя партыі падчас мінулай электаральнай кампаніі. Калі партыі выйшлі з падпольля, спынілі байкот і ўключыліся ў выбарчы працэс, яны атрымалі падтрымку народа.

Таму і прынятае рашэньне, каб зьменшыць магчымасьць партыяў удзельнічаць у выбарах. Пытаньне стаіць ня столькі пра ліквідацыю партыяў, колькі пра мінімізацыю іх магчымасьцяў удзельнічаць у выбарах. Калі ня будзе першасных структураў, партыі ня змогуць вылучыць кандыдатаў у дэпутаты ў мясцовыя саветы, Палату прадстаўнікоў. Таксама зьменшацца магчымасьці ўдзельнічаць у прэзыдэнцкіх выбарах”.

(Ляўковіч: ) “У любога рэжыму ёсьць лёгіка ягонага разьвіцьця. Не дарма наш кіраўнік сказаў, што пасьля рэфэрэндуму ён разьбярэцца з апазыцыяй. І ў гэтым пляне ён пасьлядоўны. 17 кастрычніка перайшлі той рубікон, пасьля якога нельга павярнуць назад. І ўлады будуць ісьці толькі наперад у пляне ціску на партыі. Я ня думаю, што ўлады моцна напужаліся падчас гэтых выбараў і рэфэрэндуму. Ня трэба перабольшваць моц апазыцыі. Але ўлады глядзяць на пэрспэктыву. Наперадзе 2006 год, а ўмовы прынцыпова мяняюцца. І нічога не застаецца, як закручваць гайкі. Таму ўлады робяць усё, каб ліквідаваць легальныя магчымасьці для працы апазыцыйных партыяў.

Але кішэнныя партыі атрымаюць магчымасьць зарэгістраваць свае структуры. Яны атрымаюць офісы. І ў гэтым палягае лёгіка рэжыму. Ён ліквідуе апазыцыйныя партыі, якія ўяўляюць рэальную палітычную пагрозу рэжыму. А кішэнныя партыі будуць дэманстравацца Захаду, будуць казаць: “Глядзіце, у нас ёсьць партыі, яны зарэгістраваныя, могуць вылучаць сваіх кандыдатаў” і г.д”.

(Карбалевіч: ) “Што могуць у гэтых умовах супрацьпаставіць апазыцыйныя партыі? Як я разумею, Мін’юст абапіраецца на закон. Якія мэтады, мэханізмы супрацьстаяньня такому ціску існуюць у апазыцыі?”

(Альфер: ) “Я бачу два варыянты дзеяньняў. Найперш, гэта як мага больш галоснасьці. Хоць закон у нас не выконваецца ўладамі, але галоснасьці яны хоць асабліва і не баяцца, але ня любяць. І па-другое – гэта працяг арганізацыйнай працы. Не атрымлівае той, хто нічога ня робіць. Сёньня мы атрымалі пэўную магчымасьць рэгістрацыі нашых партыйных структураў па юрыдычных адрасах камэрцыйных структураў, якія хоць і баяцца, але гатовыя дапамагчы.

Таксама будзем спрабаваць рэгістраваць у прыватным сэктары. Хоць узгадненьне зь дзяржаўнымі структурамі вельмі цяжкае. Напрыклад, у Магілёўскай вобласьці патрабуюць грошы за ўзгадненьне. У Віцебскай вобласьці пажарнікі прапанавалі купіць ім пажарны шлянг. Але няма гарантыі, што калі дасі грошы, купіш шлянг, выканкам дасьць дазвол на рэгістрацыю”.

(Ляўковіч: ) “Рэфэрэндум і выбары дазволілі зрабіць важныя высновы. Найперш, гаварыць пра нейкія выбары ў нашай краіне ўжо не даводзіцца. 17 кастрычніка на гэтым пастаўлена кропка. І перад апазыцыяй паўстала праблема распрацоўкі стратэгіі й тактыкі дзеяньняў. Па-другое, апазыцыі патрэбна самаарганізавацца. Па-трэцяе, праца ў падпольлі — гэта таксама праца. У нейкім сэнсе цяпер наступае нейкі момант ісьціны. Тыя, хто напраўду змагаўся з рэжымам, будуць змагацца ў любых умовах. Нам не прызвычайвацца да такіх умоваў. Беларуская апазыцыя даўно існуе ў пазасыстэмнай палітыцы. Усё гэта ня так нечакана. Мы гатовыя да працы і ў гэтых умовах”.

(Карбалевіч: ) “Такім чынам, спраўджваюцца прагнозы наконт узрастаньня ціску на дэмакратычныя сілы пасьля 17 кастрычніка. Падаецца, што маштаб, тэмпы рэпрэсіяў будуць залежыць ад здольнасьці партыяў да супраціву, ад іх падтрымкі міжнароднай супольнасьцю”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG