Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Нацыянальным музэі адкрылася выстава, прысьвечаная Першай сусьветнай вайне ў Беларусі


Галіна Жарко, Менск У Беларусі, якая страціла ў Першай сусьветнай вайне больш за мільён жыхароў, помнікі той вайны не ўваходзяць у сьпісы гістарычных каштоўнасьцяў. Журналіст Уладзімер Багданаў, які шмат гадоў здымаў рэшткі ўмацаваньняў ды помнікі ахвярам, стаў ініцыятарам выставы ў Нацыянальным гістарычным музэі. Выстава называецца “Праз 90 гадоў і лінію фронту. Першая сусьветная вайна ў Беларусі”.

Рэшткаў баявых умацаваньняў пачатку мінулага стагодзьдзя ў Беларусі захавалася больш, чым можна было б падумаць, кажа Уладзімер Багданаў. Ён – аўтар фотапраекта “Беларусь напачатку трэцяга тысячагодзьдзя”. Здымаючы беларускія архітэктурныя помнікі, ён неаднойчы сустракаў і фатаграфаваў помнікі Першае сусьветнае вайны. Тады пачаліся мэтанакіраваныя пошукі, якія прывялі да нечаканых высноваў.

(Багданаў: ) “Лінія фронту з поўначы на поўдзень – сотні кілямэтраў – захавалася ў нядрэнным стане. Унікальны помнік, значэньне якога яшчэ не асэнсаванае грамадзтвам. Многія проста не заўважаюць гэтых помнікаў. Крэўскі замак. Мала хто ведае, што асноўныя разбурэньні ў ягонай гісторыі былі менавіта падчас Першае сусьветнае вайны – моцная артылерыйская атака расейскіх войскаў.

У Крэўскім замку захоўваліся рэшткі нямецкага дота. Ён прастаяў амаль 90 гадоў і разбурыўся ў мінулым годзе. Але застаўся яшчэ нямецкі бункер, які таксама пабудавалі з камянёў, што павыпадалі са сьценаў Крэўскага замка. Замак, якому 700 гадоў, апошні раз выкарыстоўваўся па баявым прызначэньні параўнальна нядаўна”.

Таксама з тых часоў засталося шмат могілак, але многія зь іх страчаныя. Уладзімер Багданаў расказаў, што каля вёскі Рацічы на Гарадзеншчыне былі брацкія могілкі, пра існаваньне якіх яшчэ памятаюць старажылы. Расейскія жаўнеры былі пахаваныя не адразу. Некалькі гадоў у полі стаялі курганы зь целаў, проста засыпаныя зямлёю. Калі тэрыторыя адышла да Польшчы, ахвяры вайны былі пахаваныя й магілы добраўпарадкаваныя. Але ўжо пасьля другой сусьветнай вайны, калі адбудоўвалі Горадню, надмагільлі выкарысталі як будаўнічы матэрыял. Могілкі, дзе пахавана ня меней за 3 тысячы расейскіх жаўнераў, страчаныя.

На выставе ў Нацыянальным гістарычным музэі побач з фотаздымкам месца ў полі, дзе былі могілкі, разьмешчаны калектыўны здымак гарадзенскага атраду, жаўнеры якога, магчыма, таксама былі там пахаваныя. Гэта – аматарскія здымкі з франтавых альбомаў.

Выстава дазваляе паглядзець на лінію фронту з двух бакоў – і з расейскага і з нямецкага. На здымках ёсьць эпізоды вайсковых дзеяньняў. Цікавы блёк старых фота пад умоўнаю называю “На вайне як на вайне”, бо тут – паўсядзённае жыцьцё. Зьняты салдацкі баль, альбо як гранатамі глушаць рыбу. Шмат здымкаў, на якіх жартаўлівыя сцэны. Аднолькава вясёлыя твары, а вось вайсковыя формы на жаўнерах розныя.

На здымках Уладзімера Багданава – унікальныя помнікі ахвярам Першае сусьветнае вайны. Напрыклад, помнік “Тры крыжы” нямецкім і расейскім жаўнерам ды мясцовым насельнікам.

Чацьвёртая частка тэрыторыі Беларусі знаходзілася пад нямецкай акупацыяй, астатняя была прыфрантавой зонай. Беларускія храмы – і касьцёлы, і цэрквы – выкарыстоўваліся ў якасьці шпіталяў. Побач хавалі памерлых.

Тэма Першае сусьветнае вайны прысутнічала ў экспазыцыі Нацыянальнага гістарычнага музэя, але, як кажа супрацоўніца музэя...

(Супрацоўніца: ) “Інтэрпрэтацыя была пэўная. У наступным годзе мы зьбіраемся паразважаць пра тое, што гэта вялікая гуманітарная катастрофа. Аб сацыяльных праблемах, якія ўзьніклі ў сувязі з І сусьветнай вайной. Гэта бежанства, якое ніколі не паказвалася ў залях музэя. Нават дасьледваньняў не існуе”.

Самыя трагічныя падзеі на тэрыторыі Беларусі адбываліся ў 1915-1916 гадах. Але пра глябальную катастрофу ХХ стагодзьдзя мала ведаюць у беларускім грамадзтве. На выставе, якая працуе да 1 сьнежня, прадстаўлена больш за 100 фотаздымкаў пра “невядомую сусьветную”, якая абумовіла хвалю рэвалюцый і грамадзянскіх войнаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG