Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Старшыню “Народнай грамады” ў Слуцку, які балятаваўся ў Палату прадстаўнікоў, звольнілі з працы


Любоў Лунёва, Менск Старшыню Слуцкай гарадзкой арганізацыі сацыял-дэмакратаў “Народная грамада” Анатоля Балакіра, які балятаваўся ў Палату прадстаўнікоў па Слуцкай акрузе, звольнілі з працы. За дзень да гэтага яго выклікалі ў пракуратуру.

9 лістапада Анатоль Балакір уладкаваўся на працу ў спэцперасоўную мэханізаваную калёну №97. 10 лістапада ён прыйшоў на працу, але дырэктар яму паведаміў, што працоўны кантракт разарваны. Старшыня мясцовых сацыял-дэмакратаў лічыць, што ўлады такім чынам помсьцяць яму за апазыцыйную палітычную дзейнасьць.

(Балакір: ) “Сёньня, калі я прыйшоў на працу, мяне сустрэў дырэктар прадпрыемства і сказаў, што кантракт са мной разарваны. Калі я запытаўся, у чым прычына, ён мне адказаў, што гэта была каманда зьверху. Я лічу, што гэты факт ёсьць помстай мясцовай улады за маю палітычную дзейнасьць. У нашым горадзе няшмат прадпрыемстваў, дзе можна ўладкавацца на працу. Я лічу, што мяне спрабуюць пазбавіць заробку”.

Дырэктар калёны Віктар Сельвістровіч патлумачыў Радыё Свабода, што насамрэч папросту так склаліся абставіны.

(Сельвістровіч: ) “Не, не! Гэта выпадкова. Я казаў ім, што ён добры хлопец, ня п’е… Ну, мэханікам сваім… Папросту так склаліся абставіны, бо выйшаў зь бюлетэня наш супрацоўнік”.

9 лістапада Анатоля Балакіра выклікалі ў пракуратуру. Сьледчы Андрэй Савановіч паведаміў былому кандыдату ў дэпутаты, што яго могуць прыцягнуць да крымінальнай адказнасьці за паклёп. Сьледчы паказаў Анатолю паперу пра тое, што ён распаўсюджвае зьвесткі аб фальсыфікацыі вынікаў выбараў, а гэта, паводле аўтараў, не адпавядае рэчаіснасьці.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG