Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Працоўнай міграцыяй зоймецца Міністэрства ўнутраных справаў


Галіна Абакунчык, Менск Аляксандр Лукашэнка выдаў чарговы дэкрэт, якім перадаў Міністэрству ўнутраных справаў паўнамоцтвы на ліцэнзаваньне дзейнасьці, скіраванай на прыцягненьне ў Беларусь працоўнай міграцыі. Раней гэтыя функцыі выконвала Міністэрства працы й сацыяльнай абароны. Паводле прэсавай службы кіраўніка краіны, гэта зьвязана з удасканальваньнем дзейнасьці дзяржаўных органаў. Што кажуць адмыслоўцы аб прэзыдэнцкім дэкрэце, што гэта – пераразьмеркаваньне функцыяў і бюджэтных грошай ці міліцэйскі кантроль за працоўнай міграцыяй?

У абодвух міністэрствах гэты дэкрэт не пракамэнтавалі ніяк. У прэсавай службе Міністэрства працы толькі пацьвердзілі, што працоўная міграцыя ў Беларусь працягваецца, хоць і ў меншых памерах, чым гэта было раней. Гаворыць кіраўніца прэсавай службы Галіна Трафіменка:

(Трафіменка: ) “Канечне, прыяжджалі: і з Армэніі, і з Узбэкістана, і з Таджыкістана, і з Расеі, і з Украіны – усе на сьвеце. Асабліва ў сэзонныя працы ў памежных берасьцейскіх рэгіёнах украінцы ўсе пасады займалі: і санітарак, і паляводаў, і жывёлаводаў, і брыгадзіраў. Бо ва Ўкраіне працы не было, асабліва ў сельскай гаспадарцы. Вельмі шмат людзей прыяжджала. Зь Беларусі таксама шмат выяжджала на часовую працу, але спэцыялісты. А звычайная, скажам так, працоўная сіла больш да нас ехала, чым беларусы выяжджалі”.

У Міністэрстве ўнутраных справаў ліцэнзіі будзе выдаваць нядаўна створаны Дэпартамэнт па міграцыі. Але гэта не зьвязана зь нейкай спробай кантраляваць крымінал, бо злачыннасьць у Беларусь нясе нелегальная міграцыя, а не працоўная. Пра гэта Свабодзе паведаміў кіраўнік прэсавай службы Міністэрства ўнутраных справаў Віталь Грынкевіч.

(Грынкевіч: ) “Тыя, хто атрымоўвае від на жыхарства й знаходзіць сабе працу, як правіла, тыя не зьяўляюцца парушальнікамі нашых законаў і не ўцягваюцца ў нейкія злачынныя групы. Вельмі малы адсотак складае пакуль”.

Паводле спадара Грынкевіча, адмысловыя функцыі ў справе дачыненьняў з працоўнымі мігрантамі ў Беларусь будуць мець таксама Дзяржкамітэт памежных войскаў, Мінабароны й КГБ. Вось як гэта пракамэнтаваў колішні міністар працы, палітык Аляксандр Сасноў:

(Сасноў: ) “Лукашэнка ставіцца да беспрацоўных як да нейкіх злачынцаў: абавязаў беспрацоўных адпрацоўваць на так званых грамадзкіх працах. Неаднаразова прымаў рашэньні, якія зьнішчалі дзяржаўную службу занятасьці. Зараз працоўныя адносіны, зьвязаныя зь мігрантамі, перадалі ў падпарадкаваньне Міністэрству ўнутраных справаў – міліцыянтам. Ну, вельмі добра: працу павінны вызначаць і ўладкоўваць мігрантаў паліцыянты. Усё ўпісваецца – паліцэйская дзяржава”.

Паводле афіцыйнай інфармацыі, у мінулым годзе беларусы працавалі ў 16 краінах сьвету. Усяго за мяжу ў пошуках працы выправілася 4 тысячы чалавек, але адмыслоўцы сьцьвярджаюць, што насамрэч колькасьць экспарту інтэлектуальнага рэсурсу й працоўнай сілы зь Беларусі ў дзесяткі разоў большая.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG