Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэпартаваны дырэктар рэгіянальнага бюро Фонду Эбэрта Г.Курт: “Я ня мог не крытыкаваць парлямэнцкія выбары ў Беларусі”


Ул. інф. Кіраўнік рэгіянальнага бюро фонду імя Фрыдрыха Эбэрта, нямецкі сацыял-дэмакрат Гельмут Курт зусім ня зьдзіўлены тым, што афіцыйны Менск дагэтуль так і не растлумачыў нямецкаму боку сапраўдных прычынаў ягонага выдварэньня зь Беларусі. Як паведаміў ён у інтэрвію беларускай службе Радыё Свабода, наўрад ці гэтыя тлумачэньні ўвогуле будуць зробленыя.

Гельмут Курт амаль не спадзяецца на тое, што афіцыйны Менск апэратыўна адрэагуе на сёньняшні пратэст ягоных калегаў па сацыял-дэмакратычнай партыі. А таксама, што беларускія ўлады дадуць тэрміновае тлумачэньне, чаму яго ўключылі ў нейкія чорныя сьпісы і ўсю ноч трымалі ў менскім аэрапорце.

(Курт: ) “Тое, што зь беларускага боку не было ніякай рэакцыі адносна маёй дэпартацыі з краіны, мяне зусім не зьдзіўляе. Улічваючы досьвед іншых асобаў, арганізацыяў, я ведаю, што беларускі бок альбо надзвычай спазьняецца з рэакцыяй, альбо ўвогуле не дае ніякіх тлумачэньняў”.

(Карэспандэнт: ) “Ці Вы самі маеце нейкія тлумачэньні на конт таго, што беларускія ўлады апошнім часам чамусьці ўзяліся за нямецкіх сацыял-дэмакртаў? Год таму зь Беларусі былі ўжо дэпартаваныя маладыя сябры вашай партыі. Зараз выдварэньне адбылося на больш высокім ўзроўні”.

(Курт: ) “У верасьні Менск ужо крытыкаваў фонд Эбэрта, што ён, маўляў, падтрымлівае беларускіх апазыцыянэраў. Існуе пэўная спроба раздуць гэтую справу. Як дэмакрат, якім я сам сябе лічу, і сацыял-дэмакрат, якім я зьяўляюся як прадстаўнік фонду, да якога я належу 24 гады, я ня мог не крытыкаваць парлямэнцкія выбары ў Беларусі. Я не выключаю, што беларускія ўлады ўлічылі гэты момант. Дадам, што на працягу апошняга часу ў Беларусі вядзецца пэўная кампанія супраць розных дэмакратычных арганізацыяў. Не выключаю, што пэўныя сілы ў Беларусі ня хочуць зьмірыцца з існаваньнем арганізацыяў плюралістычнага і дэмакратычнага накірунку”.

(Карэспандэнт: ) “У вашым учорашнім паведамленьні для прэсы ёсьць спадзяваньне, што дэмарш беларускага боку ўсё ж будзе выпраўлены і працэс самаізаляцыі Беларусі не атрымае працягу. Вы самі маеце нейкія надзеі ў гэтай справе?”

(Курт: ) “Увогуле, я лічу сябе аптымістам. Зусім іншае – мець нейкія надзеі й спадзяваньні. Канечне, я хацеў бы усё гэта мець, аднак не выключаю, што гэтыя надзеі цягам бліжэйшых дзён і тыдняў зьнікнуць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG