Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму Лукашэнка ўсё яшчэ не павіншаваў Джорджа Буша зь пераабраньнем на пасаду прэзыдэнта ЗША?


Алесь Дашчынскі, Менск Прайшоў амаль тыдзень пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у ЗША, і беларускія ўлады мелі дастаткова часу, каб накіраваць віншаваньне прэзыдэнту Джорджу Бушу у зьвязку зь ягоным пераабараньнем на высокую дзяржаўную пасаду. Ці накіравана гэтае віншаваньне?

Цягам гэтага часу кіраўнік Беларусі, да прыкладу, пасьпеў павіншаваць шэйха Халіфу бэн Заіда аль-Нахайяна з абраньнем яго прэзыдэнтам Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў. А што наконт прэзыдэнта ЗША Джорджа Буша – ці пайшло віншаваньне ў Белы дом? Гэтае пытаньне да прэсавага сакратара прэзыдэнта Натальлі Пяткевіч:

(Пяткевіч: ) “Прэзыдэнт не віншаваў, не накіроўваў віншаваньня. На сёньняшні дзень такога віншаваньня няма”.

Спадарыня Пяткевіч не патлумачыла прычыны такога кроку кіраўніка Беларусі, а на прэзыдэнцкім вэбсайце віншаваньня Джорджу Бушу так і не зьявілася.

У амбасадзе ЗША ў Беларусі распавялі, што ў сувязі з абраньнем на пасаду прэзыдэнта Джордж Буш атрымаў вялікую колькасьць віншаваньняў з усяго сьвету, і апублікаваць усе проста немагчыма. Накіраваныя віншаваньні й ад шэрагу грамадзянаў Беларусі.

Дарэчы, пасьля выбараў 2000 года кіраўнік Беларусі павіншаваў Джорджа Буша, і пра гэта беларускія афіцыйныя газэты паведамілі ў сярэдзіне сьнежня. Былы намесьнік міністра замежных справаў Андрэй Саньнікаў адзначае, што ў той час прэзыдэнту Лукашэнку параілі павіншаваць, бо адбылася зьмена прэзыдэнта, і быццам меліся шанцы паправіць стасункі са Злучанымі Штатамі. Пасьля пераабраньня Джорджу Бушу віншаваньняў не паступіла. Андрэй Саньнікаў:

(Саньнікаў: ) “Відавочна, што гэта не нармальная дыпляматычная практыка, але ж трэба ўзгадаць, што ў нас ненармальны кіраўнік дзяржавы. Да прыкладу, Злучаныя Штаты, як і Эўразьвяз, лічаць яго пазбаўленым дэмакратычнай легітымнасьці. Гэта азначае – кіраўнік дзяржавы не прадстаўляе беларускі народ у вачах, прынамсі, Злучаных Штатаў. Ён разумее гэта – таму, можа, і не накіраваў віншаваньне. І я ня думаю, што там Кім Чын Ір і Фідэль віншавалі Буша таксама”.

Як ставіцца да маўчаньня Аляксандра Лукашэнкі былы міністар замежных справаў Пятро Краўчанка, які цяпер знаходзіцца ў Маскве?

(Краўчанка: ) “Я думаю, што гэта беспрэцэдэнтна. Гэта адлюстроўвае агульную танальнасьць і накіраванасьць адносінаў, якія склаліся паміж нашымі дзяржавамі. Я думаю, што гэта сьведчаньне нечага незвычайнага, неардынарнага, нетрадыцыйнага. Такія крокі не застаюцца не заўважанымі. Гэта абразьлівы ход беларускага лідэра, беларускай адміністрацыі. Гэта будзе адбівацца на агульнай атмасфэры, агульнай танальнасьці адносін, і прывядзе да большай напружанасьці ў нашых двухбаковых стасунках”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG