Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Галіна Жураўкова адмаўляецца прызнаваць, што мела працэнты ад зьдзелак падкантрольнай адміністрацыі прэзыдэнта фірмы “Белая Русь”


Ігар Карней, Менск У Менску працягваюцца судовыя слуханьні адразу дзьвюх гучных справаў. У Вярхоўным судзе ў закрытым рэжыме ідзе працэс над былым кіраўніком Нацыянальнай тэлерадыёкампаніі Ягорам Рыбаковым. У гэтым жа будынку паралельна вядзецца допыт сьведкаў у крымінальнай справе Галіны Жураўковай, экс-кіраўніцы справаў Аляксандра Лукашэнкі. Абодва падазраваныя адмаўляюцца прызнаваць сябе вінаватымі ў бальшыні крымінальных эпізодаў.

Былая кіраўніца справаў прэзыдэнта, якая падчас папярэдніх сьледчых дзеяньняў прызнала сябе вінаватай у шэрагу інкрымінаваных ёй эпізодаў, цяпер заяўляе, што рабіла прызнаньні пад прымусам. Цягам апошніх дзён яна катэгарычна адмаўляе, што атрымлівала “прэміяльныя” з кожнага кантракту фірмы “Белая Русь”. Былыя ж падначаленыя Жураўковай на допытах сьцьвярджаюць адваротнае. Прынамсі, яшчэ адзін падазраваны, кіраўнік зьнешнеэканамічных сувязяў фірмы “Белая Русь” Юры Матусевіч расказаў пра некалькі канкрэтных сумаў, атрыманых Жураўковай. Цяпер сьледзтву давядзецца даказаць, што гэта сапраўды непрацоўныя даходы спадарыні Жураўковай.

У справе яшчэ аднаго былога вылучэнца Аляксандра Лукашэнкі, старшыні Нацыянальнай тэлерадыёкампаніі Ягора Рыбакова, “белых плямаў” застаецца ня меней. Перадусім, таму, што працэс адбываецца ў закрытым рэжыме і ўдзельнікі слуханьняў даюць падпіску аб неразгалошаньні сваіх паказаньняў. Прэсавы сакратар Вярхоўнага суду Валянцін Барысевіч да ўдзелу ў працэсе гэтаксама не дапушчаны.

(Барысевіч: ) “Не магу нічога сказаць. Я на гэты працэс не хаджу, бо ён закрыты. Журналістаў там няма ўвогуле. Будзе штосьці вядома, калі вынясуць прысуд. А так пакуль працэсы ідуць. Могуць і два месяцы, і тры яшчэ доўжыцца”.

Між тым, супрацоўнікі Беларускага тэлебачаньня ня выключаюць, што хутка ў якасьці сьведкаў у Вярхоўны суд могуць выклікаць некаторых прадстаўнікоў адміністрацыі. Адна з супрацоўніц кажа, што карупцыі спрыяе створаная пры Рыбакове сыстэма кіраваньня.

(Супрацоўніца БТ: ) “Закладзена сыстэма карупцыі і, мяркую, Матвейчуку вельмі складана ва ўсім гэтым разабрацца, пры ўсім ягоным жаданьні: мэханізм працягвае дзейнічаць, незалежна ад яго. Адна прадусарская “сям’я” чаго вартая! Што такое прадусар у нас на тэлебачаньні? Прадусар на Захадзе прасоўвае праекты і дастае пад іх грошы. Што ёсьць прадусар у нас? Пры Рыбакове склалася сыстэма кіраўнічых кадраў і надбудовы — у некалькі разоў болей кіраўнікоў, чым было да Рыбакова. І ўсе яны атрымліваюць вельмі сур’ёзныя грошы. Шараговыя супрацоўнікі так добра не зарабляюць”.

Допыт сьведкаў у крымінальных справах Ягора Рыбакова і Галіны Жураўковай на гэтым тыдні будзе працягнуты.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG