Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Нацыянальным мастацкім музэі адкрылася выстава партрэтаў з калекцыі Радзівілаў


Валянціна Аксак, Менск Нацыянальны мастацкі музэй краіны сьвяткуе гэтымі днямі сваё 65-годзьдзе. Першаю ўрачыстасьцю стала адкрыцьцё выставы ўнікальнага сярэднявечнага жывапісу са знакамітае нясьвіскае калекцыі Радзівілаў. Гэта ўсяго толькі 47 адрэстаўраваных з 57 твораў, якія пасьля шматлікіх рабаваньняў нясьвіскага замку вярнуліся ў Беларусь. Астатнія некалькі сотняў да гэтага часу расьцярушаныя па зборах іншых краінаў. Дырэктар Нацыянальнага музэю Уладзімер Пракапцоў у сьвяточным інтэрвію нашай карэспандэнтцы выказаў сваю мару вярнуць іх на радзіму, пакуль што прынамсі ў выглядзе альбому.

(Пракапцоў: ) “Зараз гэтае ўнікальнае месца, Нясьвіж, выклікае з кожным годам усё большую й большую ўвагу да сябе. Зараз ідзе актыўная рэстаўрацыя нясьвіскага замка, вядзецца вялікая навукова-дасьледчая работа па будучых інтэр’ерах замку, ну й канечне мы хацелі засяродзіць увагу вось на гэтай унікальнай калекцыі. Больш таго, у нас у рамках юбілейных дзён з 9 па 11 лістапада пройдзе навукова-практычная канфэрэнцыя, на якую прыедуць нашыя калегі, мастацтвазнаўцы, музэязнаўцы з Расеі, Украіны, Польшчы, ну і беларускія, натуральна, будуць прысутнічаць.

Я думаю, што гэтая выстава выкліча цікавасьць таму, што некаторыя партрэты, паўтараю, ніколі не выстаўляліся. У мяне ёсьць такая ініцыятыва: калі будуць мае калегі – Фэрдынанд Рушчыц з Польшчы, музэйшчыкі з Украіны – каб нам зрабіць у бліжэйшыя 5-7 год такі унікальны сумесны альбом “Радзівілаўскія партрэты”, якія раскіданыя, на жаль, па сьвеце – сабраць іх хаця б у альбом.

Ну і, канечне, мая такая ідэя, каб на той час, калі будзе адрэстаўраваны Нясьвіскі замак – а дагэтуль трэба весьці нам вялікую сумесную работу з нашымі калегамі – каб мы маглі вярнуць на пэўны час на дэпазыт (скажам, на год) усе партрэты, якія раскіданы, якія знаходзяцца ў музэях нашых суседзяў. Я думаю, што такім актам мы зможам аб’яднаць намаганьні нашых музэяў многіх краінаў – тых, у якіх знаходзяцца гэтыя партрэты. Ну і гэта будзе дадатковая дапамога для падрыхтоўкі экспазыцыі Нясьвіскага замку”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG