Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці прыцягне Лукашэнка ў Беларусь 1,5 мільёна замежных турыстаў?


Ігар Карней, Менск Ці стане Беларусь у адзін шэраг з краінамі, якія маюць значныя прыбыткі ад унутранага турызму? Пакуль тэндэнцыя сьведчыць зусім аб іншым: як было абвешчана на нарадзе ў пытаньнях турызму пад кіраўніцтвам Аляксандра Лукашэнкі, выязны турызм у Беларусі ў 17 разоў перавышае ўязны, а прыбыткі ад гэтай сфэры ў долі валавога ўнутранага прадукту складаюць толькі 0,06%. За падобную дыспрапорцыю Лукашэнка паабяцаў разабрацца з чыноўнікамі, якія ствараюць сабе ўмовы для адпачынку, а астатняе іх не хвалюе. Ці рэальна прыцягнуць сродкі ў галіну, у якой ад савецкіх часоў не адбылося амаль ніякіх зрухаў?

Бальшыня прадстаўнікоў турыстычнай галіны лічыць, што для турыстычнага буму павінны ўзьнікнуць рэальныя падставы: свабодны рынак, гарантыі адраснасьці інвэстыцыяў, нарэшце, хоць бы мінімальная інфраструктура. У аптымістычныя заявы кіраўніка краіны, які абяцае прыцягваць у Беларусь 1,5 мільёна чалавек штогод, бізнэсоўцы ад турызму вераць зь цяжкасьцю.

Пры тым, што Беларусь сапраўды называюць краінай замкаў, аднаго адрэстаўраванага за сродкі ЮНЭСКА Мірскага замку недастаткова, каб столькі людзей хацела яго ўбачыць больш, чым архітэктурныя каштоўнасьці любой іншай эўрапейскай дзяржавы.

Зрэшты, за фасадам Мірскага замку усё астатняе выглядае больш чым сьціпла. Учора я ехаў праз Крэва. Падаецца, там час спыніўся ўвогуле: як і 20 гадоў таму на тэрыторыі замка пасьвяцца каровы, якім ніяк не перашкаджаюць рэдкія турыстычныя аўтобусы са школьнікамі. І нават спробы ўпарадкаваць цэнтральны падыход да замку камянямі зь ягонага ж падмурку агульны малюнак не зьмяняе: высілкі здаюцца самадзейнымі, і на зацікаўленасьць дзяржавы тут не падобна.

Зрэшты, сам Лукашэнка ў падобнай сытуацыі пасьпяшаўся абвінаваціць чыноўнікаў: маўляў, самі маюць доступ куды заўгодна, а на шляху сваіх і замежных грамадзянаў – суцэльныя перашкоды:

(Лукашэнка: ) “Пачынаецца праца, дык яны любую справу загубяць. Што гэта за звычка? Ідзе нейкая справа, дык ім перш-наперш трэба стварыць бюракратычны апарат... У чыноўніка праблемаў няма: кожны мае пэрсанальны аўтамабіль, можа заехаць куды заўгодна і дыхаць. Але ж і іншым трэба стварыць умовы, каб яны маглі пахадзіць па запаведных месцах і паглядзець на прыроду, якую нам Бог даў. Прайсьціся там, дзе сёньня людзі ня ходзяць”.

У пятніцу Лукашэнка казаў, што бліжэйшым часам у Беларусь будзе прыяжджаць 1,5 мільёна замежнікаў. Цяпер, паводле нават афіцыйнай статыстыкі, гэтая лічба не перавышае і 50 тысячаў турыстаў. Што павінна здарыцца, каб тысячы пераўтварыліся ў мільёны?

Дзеля справядлівасьці, і гэтыя паўсотні тысячаў – збольшага транзытныя пасажыры далей, у Расею. Адмыслова ў Беларусь ехаць засьцерагаюцца. Найперш, не спрыяе гэтаму імідж аўтарытарнай дзяржавы з налётам савецкасьці. Па-другое, віза: для замежнікаў яна ўдвая даражэйшая, чым расейская ці ўкраінская. Па-трэцяе, Эўропа даўно прызвычаілася да пэўнага камфорту, і нават у выпадку агратурызму наяўнасьць душу й прыбіральні для турыста, мякка кажучы, пажаданая (беларускі ж варыянт – вада ў студні, “клазэт” – за хлявом).

Калі здараюцца “прарывы”, то задавальненьне гэтае ніяк не ніжэй за ўсясьветныя кошты. Якраз учора гутарыў са знаёмымі, якія наведалі практычна гатовы да зімовага сэзону комплекс “Лагойск”. Паводле параўнаньня, цэны цалкам сувымяральныя з адпачынкам у Аўстрыі, дзе, дарэчы, катаецца на лыжах і Аляксандар Лукашэнка.

Сам Лукашэнка ў сэнсе пэрспэктыўнага прыцягненьня турыстаў моцна спадзяецца на аднаўленьне дзейнасьці Аўгустоўскага каналу. Як выказаўся сам кіраўнік краіны, ён той чалавек, які адновіць “шлях з варагаў у грэкі”. І кантраляваць хаду будаўніцтва Лукашэнка плянуе мінімум да 2010 году:

(Лукашэнка: ) “Пэўна, нехта не “дацягне” да 2010-га, і спытаць ня будзе з каго... А я лічу, што займацца гэтым павінен. І сёньня гэта будзе каштаваць значна таньней, чым праз 20-30 гадоў, калі за гэта нашыя дзеці возьмуцца. Тады трэба будзе ўсё па-новаму рыць...”

Ці пацягнуцца пасьля 2010 году транзытам праз Беларусь “варагі ў грэкі” – пакажа не такая ўжо аддаленая пэрспэктыва.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG