Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сябры КХП БНФ правялі жалобны мітынг у Лошыцкім Яры


Ганна Соусь, Менск У памінальную суботу сябры Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ ўшанавалі памяць ахвяраў бальшавіцкага тэрору ў Лошыцкім Яры. Каля 70 чалавек прайшлі шэсьцем да гэтай жалобнай мясьціны й правялі ля Лошыцкага крыжа жалобны мітынг.

Удзельнікі жалобнага мітынгу прасьпявалі “Магутны Божа”, усклалі кветкі да крыжа ў Лошыцкім Яры й запалілі сьвечкі ў памяць людзей, забітых у гэтым месцы карнікамі НКВД. Жалобны мітынг распачаў старшыня Сьвіслацкай рады Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ Анатоль Лагутаў.

(Лагутаў: ) “Як раней людзей зьнішчалі за іншадумства, за беларускасьць, гэтак званую нацдэмаўшчыну, за адмову ісьці ў калгасы, так і сёньня хочуць аднавіць падобныя мэтады. Яскравы прыклад – незаконныя выбары й рэфэрэндум 17 кастрычніка. Запалохваньне людзей, звальненьне з працы, пазбаўленьне студэнтаў месцаў у інтэрнаце, выключэньне з інстытутаў, зьбіцьцё і пастарункі…”

Зварот да ўдзельнікаў жалобнага мітынгу старшыні КХП БНФ Зянона Пазьняка зачытаў ягоны намесьнік Сяргей Папкоў.

(Папкоў: ) “Працягваюцца дні трагічнай памяці нашага народу. Крочаць Дзяды. Мы ведаем, што такое Лошыца ў нашым Мартыралёгу. Нічога ня ўдасца схаваць злачынцам і іхнім нашчадкам цяпер. Пройдзе час, і кроў расстраляных прасочцыцца празь сямімэтровы жвір, праз чорны асфальт. Чырвоныя кветкі запалымнеюць на гэтых гектарах, пунсовы дыван, над якім узвысіцца ў неба наш адзінокі Лошыцкі народны крыж”.

Пра ахвяраў бальшавіцкага тэрору, якія былі забітыя ў Лошыцкім Яры, гаварыў прэсавы сакратар КХП БНФ Валер Буйвал.

(Буйвал: ) “ У Лошыцкім Яры НКВД зьнішчалі перш за ўсё тых беларусаў, якія, паверыўшы ў бальшавіцкую прапаганду пра пралетарскі рай, перабягалі з Польшчы, з Заходняй Эўропы, каб знайсьці тут долю, самарэалізацыю. Іх здымалі зь цягнікоў, альбо адразу на мяжы, і адпраўлялі сюды, дзе дзячылі за гэтую веру, за гэтую ілюзію сьвінцом”.

Ягоную думку працягнуў сакратар управы партыі Алесь Чахольскі.

(Чахольскі: ) “Курапаты, Лошыцкі Яр, іншыя мясьціны Беларусі, дзе былі расстрэлы – а такіх месцаў у Беларусі каля 50 – гэтыя месца наведваюцца, ушаноўваецца памяць нашых нявінных ахвяр, закатаваных расейскім бальшавізмам”.

Прыканцы мітынгу сябры Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ прасьпявалі жалобныя песьні.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG