Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь прапануе прыняць рэзалюцыю ААН з крытыкай сытуацыі з правамі чалавека ў ЗША


Валер Каліноўскі, Менск Пасьля таго як ЗША і Эўразьвяз прапанавалі праект рэзалюцыі Генэральнай асамблеі ААН аб парушэньні правоў чалавека ў Беларусі, афіцыйны Менск напісаў свой праект рэзалюцыі “аб сытуацыі з дэмакратыяй і правамі чалавека ў ЗША”.

Рэспубліка Беларусь 2 лістапада прапанавала Генэральнай асамблеі ААН праект рэзалюцыі “Сытуацыя з дэмакратыяй і правамі чалавека ў ЗША”. Ён разглядаецца у Трэцім камітэце асамблеі, які мае вызначыць, ці выносіць праект на агульнае галасаваньне ў Генасамблеі.

Цікава, што ў парадак дня працы гэтага камітэту папярэднім пунктам вынесены праект рэзалюцыі, прапанаваны ЗША, Нідэрляндамі й Эўразьвязам наконт парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі.

Супрацоўнік менскага прадстаўніцтва ААН Віктар Радзівілоўскі паведаміў, што на гэты момант зьвестак аб нейкім рашэньні наконт абодвух праектаў няма.

(Радзівілоўскі: ) “Цяжка сказаць, бо ёсьць такія праекты рэзалюцыяў, якія стала правальваюцца. Скажам, адносна эмбарга ў адносінах Кубы. Шэраг краінаў, якія разьвіваюцца, кожны раз выносяць праект рэзалюцыі, каб ЗША адмяніла эмбарга супраць Кубы. І гэтая рэвалюцыя стала правальваецца”.

Беларускі праект разьмешчаны на сайце амбасады Беларусі ў ЗША. У ім афіцыйны Менск спасылаецца на Ўсеагульную дэклярацыю правоў чалавека ды прапануе ААН выказаць “глыбокую занепакоенасьць” парушэньнямі правоў чалавека ў ЗША. У прыватнасьці там гаворыцца пра атакі на свабоду прэсы і ўзмацненьне кантролю за мэдыямі, пазасудовыя затрыманьні, недэмакратычны характар выбарчай сыстэмы, якія нібыта існуюць у ЗША.

Былы сталы прадстаўнік Беларусі ў ААН Генадзь Бураўкін лічыць малаверагодным, што беларускі праект можа падтрымаць большасьць сябраў ААН.

(Бураўкін: ) “Ня трэба крычаць пра чужыя болькі, калі трэба сьпярша вылечыцца самому. Я не магу сёньня казаць, якое там цяпер становішча з дэмакратыяй у Амэрыцы. Я ніколі не лічыў і сёньня не лічу, што там поўная ідылія, аднак тое, што многа праблемаў у нас дома, — гэта бясспрэчна. Я кажучы шчыра, пасаромеўся б іншым указваць. Трэба сьпярша вылечыцца самім”.

Тое, што Беларусь фактычна адказала сваім праектам рэзалюцыі на крытыку ЗША беларускіх выбараў і рэфэрэндуму, Генадзь Бураўкін называе пераходам на ўзровень местачковых спрэчак. Тым ня меней, спадар Бураўкін мяркуе, што беларускія дыпляматы і не разьлічваюць на тое, што іх рэзалюцыя будзе прынятая, бо гэты крок афіцыйнага Менску скіраваны на ўнутраную прапаганду, якая мае за мэту адцягнуць увагу ад парушэньняў правоў чалавека і дэмакратычных стандартаў у Беларусі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG